Вы тут

Прымаць рашэнні няпроста: кіраўнік Нацбанка пра цэнавую і фінстабільнасць

Нацбанку даводзіцца працаваць ва ўмовах нявызначанасці / Еўрарадыё

Інфляцыя расце, банкі шукаюць грошы і з пераменным поспехам спраўляюцца з адтокам дэпазітаў, да таго ж на іх ціснуць даўгі неэфектыўных прадпрыемстваў. Таму 15 красавіка Нацбанк правёў прэс-канферэнцыю, каб растлумачыць, як бачыць рашэнне праблем.

Па заяве старшыні праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаура, нягледзячы на складанасці 2020 года, беларуская эканоміка не "назапасіла дысбалансаў", якія выклікалі б у рэгулятара павышаную занепакоенасць.

— Але аперацыйнае асяроддзе пад уздзеяннем неспрыяльных фактараў і новых выклікаў застаецца складаным і валатыльным, — кажа Павел Калаур. Інакш кажучы, працаваць банкам даводзіцца ў цяжкіх умовах.

 

Прымаць рашэнні крайне няпроста

Кіраўнік Нацбанка нагадвае, што з канца мінулага года назіралася паскарэнне інфляцыі. Для таго каб яе затармазіць, вырашана з 21 красавіка павысіць стаўку рэфінансавання з 7,75% да 8,5% гадавых.

Але 8,5% — гэта ўзровень гадавой інфляцыі па выніках сакавіка. Выходзіць, працэнт, пад які Нацбанк у звычайнай сітуацыі крэдытуе іншыя банкі, з'ядае інфляцыя. Чаму ж не павысіць стаўку яшчэ больш?

Прэс-канферэнцыя ў Нацбанку / БЕЛТА

— Калі мы маем вельмі складанае аперацыйнае асяроддзе, столькі нявызначанасці, прымаць рашэнні, паверце мне, крайне няпроста. З тэарэтычнага пункту гледжання ўсё выглядае вельмі проста. Інфляцыя павысілася — трэба прэвентыўна павышаць стаўку. Так і дзейнічаюць цэнтральныя банкі, і Нацыянальны банк Беларусі павышаў стаўку.

У Нацбанку адзначаюць, што стаўка рэфінансавання сапраўды павінна быць вышэйшай за інфляцыю. Розніца паміж імі "ўлічвае мноства фактараў: і спецыфіку краіны, і рызыкі, якія ў краіне".

— Дзмітрый Крук [эксперт BEROC. — Еўрарадыё] абазначыў яе як 3,5 адсотка. Я не хачу дыскутаваць, гэта так ці не так. Звярну проста ўвагу, што яна ёсць, яе нельга ігнараваць, — кажа Павел Калаур.

— Таму мы выкарыстоўваем інструмент аўкцыёнаў [там стаўка на грошы для камерцыйных банкаў устанаўліваецца вышэйшай за стаўку рэфінансавання. — Еўрарадыё]. І напэўна, калі адбудуцца збліжэнні ставак, у тым ліку за кошт натуральнага зніжэння інфляцыі, якое паступова будзе адбывацца, мы да гэтага пытання вернемся. Вядома, мы лічым, што выкарыстанне стандартных інструментаў больш пажаданае, — дадае першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц.

Аўкцыёны хоць і грубы інструмент, але больш непасрэдны і дзейсны для падтрымання стабільнасці. Нацбанк проста не дазваляе з'явіцца на рынку занадта вялікаму аб'ёму грошай, які можа падагнаць інфляцыю і попыт на замежную валюту.

Нацбанк хацеў бы вярнуцца да крэдытавання па стаўцы рэфінансавання / Reuters

Пры гэтым у Нацбанку адзначаюць, што попыт банкаў на грошы на аўкцыёнах не такі вялікі, як здаецца. Паколькі банкі падаюць заяўкі на большыя сумы, чым неабходна, каб атрымаць хоць нешта.
 

А што з інфляцыяй?

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч кажа, што МАРГ рэгулюе 55% спажывецкіх цэн. У другой палове лютага ўрад увёў жорсткае рэгуляванне цэн на 62 запатрабаваныя тавары і 50 медпрэпаратаў. Але інфляцыя ўсё роўна расце.

Задача міністэрства — забеспячэнне параметру па інфляцыі і таварны рынак, які стабільна працуе, адзначае Калтовіч. Даводзіцца балансаваць, каб пазбегнуць дэфіцыту. Напрыклад, у прадуктах харчавання каля 45% — тавары крытычнага імпарту. Яны альбо не вырабляюцца ў Беларусі, альбо іх вытворчасці недастаткова.

— Цэны на гэтыя тавары залежаць ад курса валют і кантрактных цэн, сусветных цэн на прадукты харчавання. Сусветныя цэны растуць. Тэмпы росту не зніжаюцца, і пакуль прагнозы не вельмі добрыя на харчовым рынку. Калі мы бачым, што маржа не дазваляе імпарцёру завезці і прадаваць. Гэта значыць, становіцца нявыгадна працаваць з гэтым таварам, цана проста павышаецца на тэмп росту сусветнай або кантрактнай цаны.

 

Аднавіць давер да ўкладаў — рэч не хуткая

Па словах Паўла Калаура, з пачатку года людзі сталі крыху часцей рабіць рублёвыя ўклады, але валютныя працягваюць забіраць.

Даходнасць укладаў у замежнай валюце вышэйшая апошнія два гады / Reuters

— Трэба разумець, што задача па аднаўленні ашчаднага працэсу не можа быць вырашана ў адзін момант, — дадае кіраўнік Нацбанка і адзначае, што сам захоўвае грошы на доўгатэрміновых рублёвых дэпазітах.

Па разліках калег з Нацбанка, за пяць гадоў Паўлу Калауру ўдалося атрымаць прыбытковасць на 70% большую, чым гэта было б на доларавых дэпазітах.

— Так, за апошнія паўтара-два гады мая даходнасць у нацыянальнай валюце была на пяць працэнтаў ніжэйшая, чым у тых, хто ашчаджалі ў замежнай валюце. Але, паколькі мы бегаем на доўгія дыстанцыі, у мяне ніякіх сумневаў няма, што і ў наступныя пяць гадоў даходнасць у нацыянальнай валюце будзе вышэйшая, чым у замежнай.

 

Рэструктурызаваць даўгі можна, але без шкоды для эканомікі

Беларускі дзярждоўг з пачатку года працягнуў рост у тым ліку праз неэфектыўныя дзяржпрадпрыемствы. Каб рэструктурызаваць даўгі Беларускага металургічнага завода (БМЗ), Мінфіну давялося выпускаць аблігацыі, а банкі атрымалі акцыі ў лік пагашэння крэдытаў. Цяпер на гарызонце ўказ, які дасць права выпускаць аблігацыі і Агенцтву па кіраванні актывамі. Агенцтва будзе прадаваць іх банкам, каб выкупляць запазычанасці прадпрыемстваў. Гэта значыць, праблемы неэфектыўных прадпрыемстваў зноў перакладаюць на банкі.

У Нацбанку дапускаюць, што магчымыя і новыя падобныя здзелкі для выратавання стратэгічных і горадаўтваральных прадпрыемстваў.

— Такія рашэнні будуць прымацца вельмі выбарачна і кропкава, — кажа намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц. — Што да канвертацыі крэдытнай запазычанасці асобных прадпрыемстваў у акцыі як інструмент іх рэструктурызацыі, то такая практыка выкарыстоўваецца ў многіх краінах свету. Мы станоўча глядзім на тое, што ў арсенале нашых банкаў будзе такі інструмент. Але ён не павінен парушаць фінансавую стабільнасць у краіне на макра- і мікраўзроўні.

Важна, каб такія актывы знаходзіліся ў банкаў толькі нейкі пэўны тэрмін, напрыклад, не больш за пяць гадоў, адзначае чыноўнік.

— Калі мы гаворым пра замену крэдытаў на нейкія каштоўныя паперы альбо нейкія іншыя інструменты, трэба зыходзіць з таго, што трэба вызначыць іх справядлівы кошт. Калі мы не знойдзем у сабе мужнасці гэтага зрабіць, мы гэтыя праблемы не вырашым, — падкрэслівае Павел Калаур.

Справядлівы кошт вызначаецца толькі на рынку, але кіраўнікам праблемных прадпрыемстваў такі варыянт не вельмі падабаецца, паколькі гэта паказвае рэальнае становішча спраў, лічыць кіраўнік Нацбанка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.