Вы тут

"Прыехала Расгвардыя — пачалася дупа". Як Бярдзянск жыве пад акупацыяй

Як жывецца ў акупаваным Бярдзянску / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Каці 25 гадоў, яна жыве ў Бярдзянску. Правільней сказаць "жыла": цяпер яна была вымушаная выехаць у Кіеў праз тое, што родны горад акупаваны расіянамі. Але пасля вызвалення абавязкова вернецца.

"Я з тых людзей, хто бязмежна любіць свой горад, расказвае пра яго як пра найлепшае месца планеты і жадае Бярдзянску толькі развіцця і лепшага жыцця", — кажа Каця.

Некалькі тыдняў пасля заняцця горада расіянамі яна заставалася ў Бярдзянску — але потым усё ж выехала. Як гэта — жыць пад расійскай акупацыяй, — Каця расказала Еўрарадыё.

 

Пра акупацыю даведаліся з сацсетак

Як людзі даведваюцца пра тое, што іх горад акупаваны? У Каці было так: інфармацыя з'явілася ў сацыяльных сетках — калі там пачалі з'яўляцца відэа з расійскай тэхнікай, якая заязджае ў горад і ездзіць па вуліцах.

"Самая агідная карцінка, якую я бачыла ў жыцці. Яшчэ больш агідная — гэта іхнія анучы замест нашых сцягоў на плошчы. Мясцовых баёў не было, таму што ўсіх вайскоўцаў з горада вывезлі адразу. Ваенкамат быў закрыты, таму хлопцы, якія хацелі запісацца ў мясцовую тэрабарону і наогул сфармаваць яе, проста не маглі гэтага зрабіць. А праз колькі часу з'явілася паведамленне на афіцыйным канале, што мясцовыя ўлады прапаноўвалі такім групам добраахвотнікаў паехаць на абарону Марыупаля", — расказвае Каця.

Па сутнасці, кажа Каця, Бярдзянск ціха "здалі" мясцовыя ўлады. Гэта стала зразумела пасля таго, як мясцовыя выйшлі на першы праўкраінскі мітынг пад выканкам.

"Па вячэрнім жывым эфіры з выканаўцам абавязкаў мэра і яго дурной рэакцыі на гэта стала зразумела, што тут нешта не так. Асабіста ў маёй сям'і мы пасля гэтага на гэтыя эфіры ад в. а. мэра забілі. Зноў жа — стала брыдка. Уявіце, у канцы звароту ніводнага "Слава Украіне", а проста "Барані нас Божа".

Праўкраінскі мітынг у акупаваным Бярдзянску / "Новости Донбасса"

Хай мясцовыя ўлады і "зарылі галаву ў пясок", народная незадаволенасць была. Як успамінае Каця, людзі выходзілі на мітынгі і выцяснялі расіян з плошчаў, "партызанілі" і расказвалі ўкраінскім вайскоўцам пра варожую тэхніку. Праўда, аптымізму гэта не дадавала.

"Усё было больш-менш, пакуль у горадзе былі проста салдаты. Яны не зусім разумелі, для чаго яны тут. Проста стаялі ў горадзе, і ўсё. Тады бярдзянцы кожны дзень збіраліся на мітынгі, усюды віселі ўкраінскія сцягі, горад хоць неяк жыў. Хоць і без газу, цяпла і з асвятленнем з перабоямі, але жыў. Калі ў горад заехала Расгвардыя і фээсбэшнікі, пачалася дупа". 
 

Горад без жыцця

""Калі выходзіш у краму — ідзеш як быццам пад пражэктарам, як на далоні, таму што ў любы момант ты можаш сустрэць оркаў, у любы момант могуць падысці праверыць дакументы, тэлефон", — успамінае Каця.

Горад пасля пачатку акупацыі стаў "быццам голы, сухі", дзеліцца яна ўражаннямі. Многія знаёмыя з'ехалі, на вуліцах пуста. Нагода для добрага настрою — калі ў краму завезлі "малочку" або ўдаецца знайсці свежы хлеб, але настрой адразу знікае, калі па вуліцы праязджае машына з аўтаматчыкамі.

Пасля таго як у горад заехалі расгвардзейцы, яны занялі ўсе адміністрацыйныя будынкі, мясцовыя рэдакцыю і радыё — каб вяшчаць расійскія станцыі. Вядома ж, павесілі сцягі: расійскі і савецкі.

Пасля акупацыі з будынка гарадской адміністрацыі знялі герб Украіны, а на плошчах з'явіліся расійскія трыкалоры / ЗаБор

"У нас закрыліся супермаркеты, застаўся адзін, які, як я зразумела, пачаў супрацоўнічаць з расіянамі: там пачалі з'яўляцца прадукты з Крыма. Працаваў рынак: хтосьці прадаваў з сёлаў, але можна было заўважыць і "гуманітарку" — хтосьці браў яе ў расіян і потым перапрадаваў. Але мы вырашылі, што не дакранаемся да яе", — расказвае суразмоўніца.

У аптэках патрэбных лекаў фактычна няма — шмат каго літаральна ратавалі валанцёры, якія неяк знаходзілі прэпараты і перадавалі тым, хто мае патрэбу, у горад. Замест таго каб вырашаць гэтую праблему, акупацыйныя сілы заняліся бізнесам: тыя, хто заставаўся працаваць і згаджаўся супрацоўнічаць, вымушаныя плаціць ад 20 да 50% на "падаткі", у выніку многія вырашылі закрыць сваю справу.

У прынцыпе, праблемы былі з усімі сферамі: часам глушылася сувязь, у многіх былі вялікія пытанні з наяўнымі, адсутнасць тавараў. Жыць у горадзе было амаль немагчыма, але, прызнаецца Каця, цяпер, на падкантрольнай Украіне тэрыторыі, дрэннае хутка забываецца — ахоўная рэакцыя псіхікі.

 

Думалі эвакуявацца з першага дня

Каця думае, што шмат хто часта вагаецца і падсвядома чакае, каб хтосьці вырашыў за яго, нейкі знак або ўяўны сцяжок, які сігналізуе "Цяпер". І яна таксама так шукала, таму выехала не адразу.

"Мы з хлопцам хацелі паехаць яшчэ 24 лютага, калі ўсё пачалося. Збіралі і разбіралі рэчы некалькі разоў. Першы раз думалі эвакуявацца разам з кампаніяй, дзе ён працуе. Яны тады неяк хутка арганізаваліся і вырашылі ехаць у бок Заходняй. Мы сабраліся, але потым у навінах убачылі, як у цэнтр Ужгарада адбыўся "прылёт" (цяпер ужо добра ведаем, як гэта называецца). Стала зразумела, што ракеты далятаюць па ўсёй Украіне, але мне жудасней за ўсё было за дарогу. Што рабіць, калі абстрэл цябе сустрэне ў полі, дзе няма ніводнага будынка?" — успамінае суразмоўніца свае думкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.