Прэзідэнт Аргенціны прышчапіўся расійскай вакцынай, але ўсё роўна захварэў

Прэзідэнт Аргенціны Альберта Фернандэс​ / EFE

Прэзідэнт Аргенціны Альберта Фернандэс заразіўся каранавірусам. Нюанс у тым, што раней ён быў прышчэплены ад COVID-19 расійскай вакцынай "Спутник V", якую актыўна выкарыстоўваюць у краінах Лацінскай Амерыкі.

Сам Фернандэс кажа, што адчувае сябе нядрэнна, а тэмпература трымаецца ў раёне 37,3 градусаў. Настрой у аргенцінскага прэзідэнта добры.

На паведамленні аб хваробе Фернандэса ўжо адрэагавалі распрацоўшчыкі вакцыны — цэнтр Гамалеі. Там нагадалі, што вакцына не дае абсалютнай абароны ад каранавіруса, і частка прышчэпленых усё роўна застаецца ў групе рызыкі.

"Калі інфекцыя сапраўды пацверджаная і адбываецца, вакцынацыя забяспечвае хуткае выздараўленне без сур'ёзных сімптомаў", — заявілі ў цэнтры 3 красавіка.

Расійскую вакцыну выкарыстоўваюць і ў Беларусі, аднак тэмпы вакцынацыі ў нашай краіне дастаткова нізкія. Акрамя таго, выкарыстоўваецца адна з кітайскіх вакцын, але да яе ў свеце стаўленне насцярожанае з-за адсутнасці якасных даследаванняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.