Вы тут

Праз моцны вецер борт з Тбілісі замест Мінска прызямліўся ў Вільні

Нацыянальны аэрапорт "Мінск" / Еўрарадыё​

Самалёт "Белавія", які выконваў рэйс з Тбілісі, не змог прызямліцца ў мінскім аэрапорце і паляцеў у Вільню. Прычынай стаў моцны вецер, паведамляе TUT.BY са спасылкай на прэс-службу Нацыянальнага аэрапорта "Мінск".

"Борт авіякампаніі "Белавія", які выконваў рэйс B2736 Тбілісі — Мінск, сышоў на запасны аэрадром у Вільню праз моцны бакавы вецер. Там ён зрабіў пасадку ў 8.23", — расказалі ў Нацыянальным аэрапорце.

Такія рашэнні звычайна прымае камандзір самалёта, падкрэслілі ў аэрапорце. Там таксама адзначылі, што вецер паўплываў на маршрут толькі аднаго борта. Астатнія самалёты прызямляюцца згодна з раскладам, аэрапорт працуе ў штатным рэжыме.

Самалёт, які здзейсніў вымушаную пасадку ў Вільні, ужо вылецеў у Мінск. 

Нагадаем, на 3 мая сіноптыкі абвяшчалі аранжавы ўзровень небяспекі з прычыны моцнага ветру.  Белгідрамет папярэджваў пра моцны вецер на большай частцы тэрыторыі Беларусі — казаў, што парывы могуць дасягаць 15-20 м/с.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.