Праз 11 дзён да Рамана Пратасевіча нарэшце дапусцілі адваката

Раман Пратасевіч / скрыншот відэа "інтэрв'ю" тэлеканалу АНТ
Раман Пратасевіч / скрыншот відэа "інтэрв'ю" тэлеканалу АНТ

Пасля перапынку ў паўтара тыдня да Рамана Пратасевіча нарэшце дапусцілі адвакатку, пра гэта расказаў украінскаму рэсурсу "Радыё НВ" бацька Рамана Дзмітрый Пратасевіч. Па яго словах, адвакатка не магла трапіць да затрыманага журналіста 11 дзён.

Ад адвакаткі бацькі даведаліся, што Раман перахварэў за гэты час на танзіліт у цяжкай форме.

"Са слоў адвакатки, ён нядаўна перанёс цяжкую форму танзіліту, у яго былі праблемы з горлам. Якое лячэнне аказвалі, як яны яго лячылі — нам да канца не вядома", — распавёў Дзмітрый Пратасевіч.

Адвакатка звязаная падпіскай, таму не можа паведаміць родным ніякіх падрабязнасцяў пра ход следства. Вядома толькі, што ў аўторак следчыя дзеянні з удзелам адвакаткі доўжыліся 7 гадзін.

"На жаль, у нас адвакат таксама з'яўляецца закладнікам сістэмы і дае падпіску аб невыдаванні: нельга выдаваць артыкулы, якія ставяцца ў віну, стан падабароннага. Увогуле, практычна ўсе нельга", — адзначыў Пратасевіч-старэйшы.

Бацька Рамана прызнаўся, што ў яго выклікае асцярогу здароўе сына, і цяпер ён шукае магчымасці дамагчыся таго, каб да сына дапусцілі лекараў.  Ён таксама распавёў, што для Рамана не бяруць кнігі, і грошы, якія яму пералічваюць на рахунак, да яго таксама не даходзяць.  

"Грошай на рахунку няма, хоць яны туды пайшлі. Ні перадач, ні пасылак, ні лістоў у яго з 25 траўня няма", — распавёў Дзмітрый Пратасевіч.

Журналіста Рамана Пратасевіча затрымалі разам з яго дзяўчынай Сафіяй Сапегай 23 траўня. Яны ляцелі самалётам кампаніі Ryanair з Афін у Вільню. Беларускія дыспетчары паведамілі пілотам, што да іх паступіў ліст ад ХАМАС аб тым, што на борце самалёта знаходзіцца выбухоўка. Самалёт вымушаны быў прызямліцца ў Мінску. Журналіста і яго дзяўчыну затрымалі. Тым часам ХАМАС заявіў аб недатычнасці да гэтай гісторыі, а швейцарскі правайдар электроннай пошты, адкуль прыйшоў ліст, паведаміў, што пасланне аб "мініраванні" паступіла ўжо пасля развароту самалёта на Мінск.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі