Праваабаронцы заявілі пра дзевяць новых палітвязняў

Праваабаронцы заявілі пра дзевяць новых палітвязняў

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі палітвязнямі яшчэ дзевяць чалавек, якіх узялі пад варту і выставілі абвінавачанні.

Па звестках праваабаронцаў Святаславу Герасімуку, Яну Фалькіну, Аляксею Мельнікаву выставілі абвінавачанні ў масавых беспарадках (частка 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса), а Вользе Паўлавай, Аляксандру Геджадзе (грамадзянін РФ), Аляксандру Раентаву, Вікторыі Міронцавай, Анастасіі Міронцавай, Мікалаю Шаметаву — у групавых дзеннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса). 

Праваабаронцы чарговы раз нагадваюць што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Выступы грамадзян былі стыхійнымі, мірнымі і былі выкліканыя недаверам да вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Між тым супраць іх былі ўжытыя гумавыя кулі, святлошымавыя гранаты і вадамёты. 

"Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі", — заяўляюць праваабаронцы.

Яны патрабцюць, каб беларускія ўлады вызвалілі палітвязняў і спынілі іх крымінальны пераслед. Таксама яны патрабуюць вызваліць грамадзян, затрыманых за мірныя паслявыбарныя сходы, і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр “Вясна” (зачынены ўладамі), РГА "Прававая ініцыятыва”, РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Простае таварыства "Ініцыятыва FORB".

На сёння ў спісе беларускіх палітвязняў налічваецца 177 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі