Вы тут

Пракурор запрасіў 12 гадоў калоніі за наезд на BMW 11 жніўня на вайскоўцаў

Ціхан Осіпаў у судзе / nn.by

Пракурор запрасіў 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму для 25-гадовага інжынера БНТУ Ціхана Осіпава, якога судзяць за наезд на BMW 11 жніўня на вуліцы Прытыцкага ў Мінску на вайскоўцаў. Як паведамляе spring96.org, па версіі абвінавачвання, у ноч з 10 на 11 жніўня мужчына ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а пасля наехаў на BMW на пецярых вайскоўцаў унутраных войскаў МУС ва ўзросце ад 23 да 29 гадоў. Аўтамабіль ён утапіў у вадаёме і заявіў у міліцыю аб угоне. Аднак машыну знайшлі і высветлілі, што Осіпаў яе ўтапіў сам. На яго пачалі крымінальную справу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку і па артыкуле "замах на забойства супрацоўнікаў органаў унутраных спраў". Мінчуку пагражае ад 10 да 25 гадоў зняволення.

Справу разглядае Мінскі гарадскі суд. Віну Осіпаў прызнаў толькі ў "загадзя ілжывым даносе". На судзе ён казаў, што не меў намеру на забойства — тады спалохаўся, калі ўбачыў як сілавікі разбіваюць машыны і выцягваюць з іх кіроўцаў. Таму і з'ехаў, выпадкова зачапіўшы вайскоўцаў. Па словах мужчыны, пакуль ён ехаў, сілавікі разбілі яму задняе правае шкло. Таксама ён заўважыў, што вайсковец злева накіроўваў зброю ў бок яго аўтамабіля. Тады мужчына прыгнуўся і ўжо не кантраляваў дарожную сітуацыю, але чуў, як па легкавіку з усіх бакоў білі дубінкамі.

З Ціхана Осіпава збіраюцца спагнаць судовыя выдаткі — 2670 рублёў. Маральную шкоду пацярпелым вайскоўцам у агульнай суме 1300 рублёў ён кампенсаваў да суда. Усе пацярпелыя на судзе заявілі, што прэтэнзій да абвінавачанага не маюць.

Аўтамабіль, утоплены ў вадаёме / sk.gov.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.