Вы тут

Пракурор запрасіла для блогераў Пятрухіна і Кабанава максімальныя тэрміны

Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін на судзе / "Наша Ніва"

У Магілёве працягваецца судовы працэс над брэсцкімі блогерамі Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым. 1 красавіка адбыліся судовыя спрэчкі. 

Як піша TUT.by, пракурор запрасіла для блогераў максімальна магчымыя тэрміны пакарання — па тры гады калоніі агульнага рэжыму. З Пятрухіна хочуць яшчэ спагнаць штраф па прысудзе суда Брэста ў 10 440 рублёў (360 базавых). Таксама пракурор прапанавала цалкам задаволіць пазоў амапаўца да падсудных — 1500 рублёў.

Самі блогеры на судовых пасяджэннях не прысутнічаюць. Выступіць з апошнім словам ім таксама не дазволяць.

49-гадовага Сяргея Пятрухіна затрымалі 16 чэрвеня ў вёсцы пад Пухавічамі. Яго вінавацяць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, у абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў і ў абразе суддзі. 

Такія ж абвінавачанні выстеўлныя і Аляксандру Кабанаву. 15 чэрвеня ён пайшоў па выкліку ў паліклініку для кантролю пасля каранціну — і знік. Блогер атрымаў 15 сутак, знік з ізалятара і нарэшце знайшоўся ў Мінску на "Валадарцы". Цяпер абодвух судзяць у Магілёве.

Абвінавачанне сцвярджае, што Кабанаў і Пятрухін размясцілі на YouTube-канале "Народны рэпарцёр" фатаграфію амапаўца Віталя Аўтушэнкі з абразлівымі каментарамі. Гэты міліцыянтпрымаў удзел у затрыманні Сяргея Ціханоўскага на выбарчым пікеце ў Гродне 28 траўня. Аўтушэнка спрабуе спагнаць з абвінавачаных кампенсацыю за маральную шкоду — 1500 рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.