Пракоп'еў прынёс Ціханоўскай план рэвалюцыі і прапануе змяніць Кабінет

Эвалюцыі рэжыму не будзе, таму патрэбная рэвалюцыя, упэўнены Пракоп'еў / Еўрарадыё

Вадзім Пракоп'еў выйшаў з ценю з прапановай кардынальна змяніць працу Аб'яднанага пераходнага кабінета. Цяпер структура працуе неэфектыўна. Сітуацыя можа змяніцца, калі замест Святланы Ціханоўскай Кабінетам пачне кіраваць прэм'ер-міністр, якога будуць абіраць на пэўны тэрмін, мяркуе Пракоп'еў.

У ролі кандыдата на пасаду прэм'ер-міністра ён прапануе прадстаўніка па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерыя Сахашчыка. У яго камандзе экс-рэстаратар і былы памочнік камандзіра "Пагоні" цяпер працуе пазаштатным дарадцам.

У інтэрв'ю Еўрарадыё Вадзім Пракоп'еў расказаў, як Кабінет можа зрабіцца эфектыўнай структурай, чаму для гэтага патрэбныя Пазняк і каліноўцы і чым варта займацца Ціханоўскай.

Сабралі для вас асноўныя тэзісы з інтэрв'ю.

Ціханоўская зрабіла паўкроку, і Кабінет не атрымаўся

У свабоднай Беларусі няма актыўных саюзнікаў у свеце, якія прасоўвалі б беларускую павестку. І вінаватыя ў гэтым самі беларусы, мяркуе Пракоп'еў.

Была велізарная надзея на Украіну. І Украіна, выбіраючы паміж тым, каб зрабіць нацыянальна-вызваленчую армію або тактычна гуляць у покер з Лукашэнкам, выбрала другое. ЗША пасылаюць нам мэсэдж прыблізна такі: “Што вы так мітусіцеся? Бо ўсё ж зразумела гістарычна, што будзе з Крамлём. І вы вырвецеся на свабоду менавіта ў гэтым парадку..."

Лічу, што мы выглядаем разрознена, не моцна. Гэта наша задача — зацікавіць саюзнікаў правільнымі стратэгіямі.

Сахашчык і галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны / ТГ-канал Сахашчыка

Захад чуе Ціханоўскую, таму трэба выкарыстоўваць яе моцны бок. Аднак яе месца ў Кабінеце павінен заняць менеджар, паколькі яна менеджарскія функцыі выконваць не можа. Адсюль праблемы з эфектыўнасцю Кабінета, працягвае Пракоп'еў.

Нам ніхто не спадабаецца цалкам [з тых, хто прыйдзе на месца прэм'ера. — Еўрарадыё]. Плюс такога пераходу палягае ў тым, што калі прэм'ер не справіўся, ён сыходзіць у адстаўку. Але ўсё ж у яго ёсць мандат, у яго ёсць тэрмін, дзе ён можа рэалізаваць нейкую стратэгію.

Такім прэм'ерам мог бы зрабіцца Валерый Сахашчык.

Я знаходжуся ў яго камандзе і, зразумела, падтрымліваў бы менавіта гэтую кандыдатуру. Таму што там ёсць воля і вельмі рэдкае спалучэнне, калі чалавек напалову вайсковец, але ўсё ж менеджар.

Важная не толькі фігура прэм'ера, але і склад Кабінета, які так і не сабраў усе дэмсілы.

Заходнія партнёры і Украіна ў павелічальнае шкло не разглядзяць нашы фракцыі. У беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне ёсць тое, чаго няма ў Святланы Ціханоўскай. У Святланы Ціханоўскай ёсць тое, чаго няма ў Сахашчыка, у Сахашчыка ёсць тое, чаго няма ў Пазняка, а ў Пазняка ёсць тое, чаго няма ва ўсіх астатніх. Нам патрэбная сума патэнцыялаў. Гэтая кансалідацыя і спосаб скончыць з бульбасрачам бачыцца мне толькі адным дзеяннем — зрабіўшы прапанову ўсім палітычным гульцам [аб'ядноўвацца. — Еўрарадыё]. Імідж палітычных гульцоў пацярпіць сярод беларусаў, калі яны не гатовыя гуляць у камандзе.
 

Ціханоўскую ў адпачынак, але не ў Манголію

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

Вадзім Пракоп'еў склаў план, як наладзіць працу новага Кабінета.

Мяркую, што прэм'ер, які ўступіў на пасаду, назаўтра павінен адправіць Святлану Ціханоўскую ў адпачынак на месяц. Павінен пралічыць бюджэт і наняць скарбніка.

Трэба абвясціць пра адкрытую частку стратэгіі, як урад збіраецца мяняць уладу ў Беларусі, усім беларусам.

Кансалідацыя здаровых палітычных сіл шляхам публічнай прапановы. Абавязкова знайсці зорнага эканаміста ў каманду.

Далей кампанія фандрайзінгу са спробай выйсці на фінансаванне за кошт беларусаў праз паўгода.

Такое фінансаванне дасць магчымасць весці незалежную палітыку. Калі тыя, хто з'ехаў з Беларусі, скінуцца хоць бы па 3 еўра, то пытанні ўтрымання Кабінета і часткова праблему з падтрымкай палітвязняў можна вырашыць, лічыць суразмоўца. Таксама фандрайзінгам як вядомая асоба магла б займацца Святлана Ціханоўская за адну дабрачынную вячэру пры ўмове магутнай прамовы можна сабраць і мільён долараў, адзначае Пракоп'еў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.