Вы тут

Прадукты дазволілі без абмежавання вывозіць за мяжу і ўлады Гродзенскай вобласці

"Без абмежаванняў" / osh.by

Прадукты харчавання дазволілі вывозіць за мяжу без абмежаванняў і ўлады Гродзенскай вобласці. Адпаведную пастанову днямі прыняў Гродзенскі аблвыканкам, у пятніцу яна была апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Фізічныя асобы могуць вывозіць прадукты ў Польшчу і Літву да сярэдзіны траўня — да канца дзеяння аб'яўленага "бязвізу".

Раней падобнае рашэнне прынялі ўлады Віцебскай вобласці. Але вывозіць прадукты харчавання без абмежавання ў Літву і Латвію можна толькі ў выходныя і святочныя дні (гэта адрозненне ад рашэння гродзенскіх уладаў), таксама да сярэдзіны траўня.

Месячны "бязвіз" для жыхароў сумежных краін ЕС ўлады Беларусі ўвялі ў сярэдзіне красавіка. Нягледзячы на тое, што яны ўваходзяць у спіс "недружалюбных краін". За некалькі дзён да гэтага ўрад абмежаваў вываз з Беларусі некаторых харчовых тавараў і тлумачыў такое рашэнне неабходнасцю абараніць унутраны рынак. У спіс трапілі мука, крупы, цукар, соль, макаронныя вырабы, якіх можна было вывезці за мяжу не больш за 1 кг. Цяпер жа ў краіны ЕС іх могуць везці без абмежаванняў.

Тым часам улады Латвіі і Літвы не раяць сваім грамадзянам наведваць Беларусь, нягледзячы на "бязвіз". Яны папярэджваюць пра магчымыя правакацыі.

pravo.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.