Прачытайце не-апошняе слова Таццяны Кузінай, якую суд пазбавіў волі на 10 год

Таццяна Кузіна / фота з асабістага архіва эксперткі
Таццяна Кузіна / фота з асабістага архіва эксперткі

За 340 словаў — 120 месяцаў пазбаўлення волі, за адно слова — 2,5 месяца жыцця. Гэта падлікі эксперткі Таццянай Кузінай. Учора, 17 сакавіка, беларускі суд вырашыў, што хоча адправіць экспертак Кузіну і Валерыю Касцюгову ў калонію на 10 гадоў.

Тэкст, які вы прачытаеце ніжэй — словы, якія Кузіна прамовіла на адкрытым судовым паседжанні, што адбылося 13 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе. Гэтую прамову Кузіна сказала замест "апошняга слова". Тут мы прыводзім яе не-апошняе слова цалкам.

— Я досыць доўга думала пра змест і мэтазгоднасць гэтага слова і таго, ці варта мне ў прынцыпе выкарыстоўваць гэтае права выступіць з апошнім словам, і што менавіта я хацела б сказаць у ім? У мяне было больш за паўтара года на разважанні і спробы знайсці нейкія адказы на пытанні пра тое, ці з'яўляецца палітычная барацьба і палітычная канкурэнцыя абавязкова змовай, і ці павінны бакі і ўдзельнікі гэтай палітычнай барацьбы абавязкова інтэрпрэтаваць дзеянні сваіх супернікаў як змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады? Ці сапраўды трэба тлумачыць альтэрнатыўныя погляды, напрыклад, на развіццё краіны, як ідэалагічную варожасць?

Ці варта мне тлумачыць сваю экспертную пазіцыю па санкцыях, якая не мяняецца ўжо больш за 10 гадоў і не з'яўляецца таямніцай у экспертнай супольнасці? І ў цэлым палягае ў тым, што дадзены інструмент не з'яўляецца эфектыўным, бо асабістыя санкцыі кансалідуюць групу, супраць якой яны ўводзяцца, а сектаральныя санкцыі наносяць шкоду і ўплываюць на падзенне ўзроўню жыцця людзей, якія жывуць у краіне, а таксама ўзмацняюць залежнасць нашай эканомікі ад адной крыніцы. Гэтыя аргументы былі выказаныя мноства разоў, яны не з'яўляюцца таямніцай, яны не з'яўляюцца маёй інтэлектуальнай уласнасцю, і не маюць патрэбы ў тлумачэннях у экспертнай супольнасці.

Ці варта мне казаць пра тэкст, прадстаўлены нам "экспертам"? Тэкст, на якім грунтуецца абвінавачванне, паколькі казаць пра яго варта ў сувязі з даследчай этыкай. З гэтага тэксту мы шмат даведаемся аб унутраным свеце чалавека, які называе сябе "Сіманаў", але мала даведаемся аб пастаўленых пытаннях. І зусім не бачым, што гэты чалавек кіруецца нейкай надзейнай метадалогіяй ці што ён з'яўляецца сапраўды прызнаным адмыслоўцам у дадзенай сферы. Тым больш, што ў цэлым ёсць пытанні да наяўнасці такой метадалогіі і правамернасці прымянення такога метаду.

Улічваючы, што я з'яўляюся на сённяшні момант, напэўна, самым пераацэненым прадстаўніком экспертнай супольнасці ў Беларусі, таму што за 340 слоў — "значных слоў", знойдзеных у чаце абвінавачваннем, — запытана 120 месяцаў пазбаўлення волі. Гэта значыць, за кожнае слова ёсць запыт на 2,5 месяца, у прынцыпе, жыцця. І, відаць, таму я не буду прамаўляць сваё апошняе слова.

Кузіна — сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa, экспертка даследчага праекта bipart. Яе затрымалі ў Мінску ўначы з 28 на 29 чэрвеня 2021 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі