Вы тут

"Пра экалогію гаворкі не ідзе": экалагічны падатак — адказ на падатковы манеўр?

З падаткам на прыбытак у 50% на развіццё не застаецца / Reuters

"Захад-Транснафтапрадукт" — беларуская дачка расійскай "Транснафты", якая займаецца транспартаваннем нафтапрадуктаў на тэрыторыі Беларусі. Ёй належыць 772 кіламетры нафтаправода. Тым не менш прадпрыемства на мяжы спынення работы. Расказваем чаму.

Па прэзідэнцкім указе №9 "Аб падаткаабкладанні" з пачатку 2020 года кампанія трапіла ў спіс прадпрыемстваў, якія павінны выплачваць экалагічны падатак у памеры 50% ад прыбытку замест 18%. Акрамя таго, за кожную тону нафты або нафтапрадуктаў, перамешчаных на 100 кіламетраў, трэба заплаціць 35 капеек. У год праз "Захад-Транснафтапрадукт" можа прайсці да 8 мільёнаў тон нафтапрадуктаў, але летась праз крызіс, рознагалоссі з Расіяй па пастаўках і зніжэнне здабычы нафты ва ўсім свеце выйшла толькі 4 мільёны.

Хоць сам падатак павінен выплачвацца за выкарыстанне прыродных рэсурсаў, ва ўказе гаворыцца, што такая мера прынятая "ў мэтах забеспячэння збалансаванага выканання бюджэту, зніжэння залежнасці яго даходаў ад кан'юнктуры знешняга попыту на сыравінныя тавары".

 

Працэнты па ўкладзе таксама пад экалагічны падатак

 

Спробы "збалансаваць бюджэт" за кошт нафтавай сферы беларускім бокам робяцца пастаянна. То ўзгадненнямі ўмоў паставак нафты, то патрабаваннямі павысіць тарыф на транзіт нафты і нафтапрадуктаў.

Пасля года работы па новых правілах генеральны дырэктар "Захад-Транснафтапрадукт" Уладзімір Лявонаў заявіў, што прадпрыемства можа прыпыніць работу.

Беларускі бізнес гадамі скардзіцца на высокую падатковую нагрузку / БЕЛТА

— Плюс яшчэ агульны ПДВ. Атрымліваецца трайное падаткаабкладанне. За 2020 год 82% нашага прыбытку пайшло на падаткі. З прыбытку ажыццяўляецца закупка новай тэхнікі. Напрыклад, у 2019 годзе мы закупілі каля 46 адзінак — гэта грузавыя машыны, краны, КАМАЗы, экскаватары і гэтак далей. Цяпер гэта магчымасць адсутнічае.

Прадпрыемства страціла магчымасць развівацца, бо падатак спаганяецца незалежна ад таго, ад якой дзейнасці кампанія атрымала даход, адзначае суразмоўнік.

— Захоўваем грошы ў банку або прадалі сваю тэхніку — вінныя 50% з прыбытку.

Кіраўнік "Захад-Транснафтапрадукт" адзначае, што пакуль прадпрыемства ўсё ж працуе і ўкладваецца ў інфраструктуру, якая ў любым выпадку застанецца ў Беларусі.

— За 2020 год на прадпрыемстве сярэдні заробак быў 1800 рублёў. Пакуль я па ўзгадненні з уласнікамі ўтрымліваю зарплаты. У нас працуюць 777 чалавек. Гэта тры вобласці, 21 раён. Прычым у некаторых месцах, такіх як Мёры або Сянно, нашы філіялы — адны іх горадаўтваральных прадпрыемстваў. Закрыццё пацягне за сабой цяжкія наступствы.

Работнік "Захад-Транснафтапрадукт" / ztnp.by

Як доўга прадпрыемства зможа весці дзейнасць — невядома.

— Кан'юнктура рынку мяняецца. У сувязі з каранавірусам, міжнароднымі, палітычнымі падзеямі. У нас жа прыбытак залежыць ад колькасці прапампаванага паліва. Цяпер яна падае.

Калі не будзе прыбытку, яшчэ ёсць сякія-такія запасы. За кошт іх мы пакуль гатовыя ўтрымліваць людзей. Але калі працы не будзе, натуральна, мы пойдзем спачатку на скарочаны працоўны тыдзень, а наступны этап — скарачэнне рабочых месцаў, — кажа Уладзімір Лявонаў.

 

Правілы для аднаго гульца

 

Транспартаваннем нафты і нафтапрадуктаў у Беларусі, акрамя "Захад-Транснафтапрадукт", займаецца "Гомельтранснафта Дружба". Толькі апошняя — дзяржаўная, таму падатак на яе ніяк не ўплывае, падкрэслівае суразмоўнік.

— У "Дружбы" прыбытак і так адбірае дзяржава, гэта значыць гэта перакладанне грошай з кішэні ў кішэню. А ў нас цалкам прыватная кампанія. І ўвесь прыбытак проста забіраюць у выглядзе падатку.

Гендырэктар "Захад-Транснафтапрадукт" гаворыць пра неабходнасць альбо адмяніць указ, альбо хоць бы знізіць экалагічны падатак да 24%.

 

"Гаворкі пра ахову экалогіі не ідзе"

 

Калі на "Захад-Транснафтапрадукт" раптам адбудзецца аварыя, працягвае Лявонаў, то выплачаны падатак ніяк не дапаможа. Ліквідаваць наступствы кампанія павінна будзе самастойна.

— У нас летась была крымінальная ўрэзка. Гэта значыць, бандыты, жулікі прасвідравалі трубу, уставілі ў яе трубку і кралі паліва. У выніку гідраўдару гэта трубка лопнула, і пэўная колькасць паліва пайшла ў грунт.

Прыязджала экалагічная інспекцыя, суды па нас прайшлі. За тое, што трэція асобы здзейснілі злачынства, нас яшчэ і пакаралі штрафам. Наступствы былі цалкам ліквідаваныя сіламі і сродкамі прадпрыемства.

На дапамогу ў ліквідацыі надзвычайнага здарэння плацельшчыкам падатку разлічваць не варта / money-talks.ru

На думку Уладзіміра Лявонава, падатак не разглядаецца як клопат пра экалогію.

— На дзяржкамісіі сказалі, падатак для таго, каб кампенсаваць страты Беларусі ад падатковага манеўру. Пра клопат пра экалогію гаворкі наогул не ідзе. Мы пісалі ліст віцэ-прэм'еру, амбасадару Расійскай Федэрацыі. Але гэта ўказ прэзідэнта, і адмяніць яго ці змяніць можа толькі прэзідэнт. Першы намеснік міністра фінансаў, Кійко, сказаў, што гэта суверэннае права [Беларусі. — Еўрарадыё] ўводзіць падаткі, а наша права — іх плаціць.

Паводле інфармацыі суразмоўніка, у Расіі гэтае пытанне вынесенае на ўзровень кіраўніцтва кампаніі і кіраўніцтва краіны.

— Нядаўна была нарада, дзе прысутнічаў Уладзімір Сямашка [амбасадар Беларусі ў Расіі. — Еўрарадыё], прадстаўнікі "Белнафтахіма" і іншыя асобы. Сітуацыя разглядаецца ў такім ключы, каб гэта было абмеркавана на сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі.

Еўрарадыё паспрабавала даведацца, як паўплываў экалагічны падатак на работу "Гомельтранснафта Дружба", але аператыўна атрымаць каментар не ўдалося.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.