Піт Паўлаў: Нашы песні спяюць Muse ці Kasabian — з кім дамовімся

Піт Паўлаў чарговы раз апынуўся крыніцай навінаў і ідэй. Праўда, пакуль незразумела, калі ідэі ажыццявяцца.

Еўрарадыё: Ваш гурт рыхтуе да выдання трыб'ют "Viza N.R.M.-2". Чаму ўзнікла ідэя стварэння новага трыб'юта і ці ёсць у гэтым сэнс?

Піт Паўлаў: У гэтым ёсць велізарны сэнс. 10 гадоў таму стыхійна ўзнікла ідэя. Яе вынікі былі вельмі паспяховымі. Дагэтуль яшчэ ў радыёэфіры можна пачуць вынікі той працы. Аднойчы з намі здарылася дзіўная сітуацыя. Мы паехалі з  N.R.M. граць у Смаленск і спыніліся для перапынку. І раптам я чую, што ляціць музыка, звычайная расійская кандовая папса, але чамусьці пяецца там "Тры чарапахі". У першы момант у маім мозгу здарылася бура, мне падалося, што я вар'яцею. А потым зразумеў, што гэта версія гурта "Краски" з таго самага трыб'юта. Вось гэтая версія, якую я ніколі не слухаў, стала папулярнай на Смаленшчыне, дзе разумеюць мову і падобны фармат любяць. Таму, канечне, сэнс ёсць. Мала таго, маладыя, калі пастараюцца, могуць зрабіць лепш за N.R.M.. Напрыклад, у мінулым трыб'юце версія "Сцяны" песні "Я еду" была вельмі добрай. Калі б яны не паблыталі тэкст, то іх версія гучала б лепш за нашу. Таму і сэнс ёсць, і час надышоў.

Еўрарадыё: Якія песні складуць трыб'ют? Гэта будуць старыя добрыя хіты ці трэкі, якія вы прадставілі ў сваім апошнім альбоме?

Піт Паўлаў: Гэта будзе, як і тады, залежаць не ад нас.

Еўрарадыё: То бок, выбіраюць усё ж самі музыкі?

Піт Паўлаў: Так! Адзінае, што як і тады, ёсць наша права вета, каб проста ўсе не гралі "Тры чарапахі" (смяецца). Вось калі, напрыклад, цяпер "Мутнаевока" абрала "Чыстую-светлую", значыць, ужо мы нікому не дадзім рабіць гэтую песню для пласцінкі. Натуральна, калі нехта зробіць яе сепаратна, яна можа трапіць у бонусы ці наогул на пласцінку не трапіць. То бок, мы пільнуем працэс у такім выглядзе: каб проста людзі абіралі розныя песні. Звычайна так і атрымоўваецца — кожны гурт выбірае сабе тое, што яму больш пасуе па стылістыцы ці па тэксце. Вядома, мы б хацелі, каб і новыя песні былі "трыб'ютаваныя". Але, хучтэй за ўсё, яны яшчэ не заслужылі такога гонару (смяецца).

Мы хочам, каб у трыб'юце ўзялі ўдзел гурты, якія ўзніклі цягам апошніх 10-ці гадоў ці сталі папулярнымі ў гэты час і не ўдзельнічалі ў папярэднім трыб'юце. Згоду на ўдзел у трыб'юце ўжо далі "Мутнаевока" і Re1ikt. Мы зацікаўленыя, каб узялі ўдзел TonqiXod, Akute і іншыя маладыя гурты, якія нам вельмі падабаюцца. Проста з імі яшчэ не праведзеныя перамовы.

Еўрарадыё: Якім чынам будзе выдадзены дыск?

Піт Паўлаў: Выдаць дыск мы плануем з дапамогай краўдсорсінга. У нас будуць 2 варыянты. Першы — талака, калі проста людзі скідваюцца грашыма, а другі — падпіска, калі людзі адразу замовяць дыск і ўнясуць грошы, роўныя кошту дыска. Падпіска, на мой погляд, гэта растэрміноўка. Раней кніжкі беларускіх аўтараў выдаваліся па падпісцы. Напрыклад, Дунін-Марцінкевіч так рабіў у свой час: скідвалася беларуская шляхта ці свядомыя заможныя сяляне, кніга выдавалася на гэтыя сродкі, а потым высылалася ім поштай.

На нашай свежанароджанай старонцы www.nrm.by (праўда, мы не знайшлі месца на сайце, дзе гэта можна зрабіць, — заўв. Еўрарадыё) ужо можна зрабіць ахвяраванні. У будучыні мы ўсё распішам: колькі грошай сабрана, на што яны ідуць. Варта заўважыць, што ёсць новыя фэны, якім N.R.M. не падабаецца. Але ім падабаюцца, напрыклад, Akute. І яны могуць пералічыць ахвяраванні з пазнакай “для гурта Akute”. І вось калі гэтых грошай будзе шмат, мы зможам нават заплаціць артыстам ганарар за ўдзел, а не толькі выдаткаваць грошы на запіс і выданне трыб’юта.

Еўрарадыё: Ага, то бок, усё будзе адбывацца цэнтралізавана?

Піт Паўлаў: Шчыра скажу, гэта я апісаў сітуацыю ідэальную. Ідэальныя сітуацыі рэдка атрымоўваюцца, і я спадзяюся, што ў нейкі момант з’явяцца 2-3 мецэнаты, якія выкупяць частку накладу па аптовым кошце, чаго будзе дастаткова, каб акупіць студыю. Я вельмі разлічваю на такі варыянт.

Еўрарадыё: Ці будзеце вы ўплываць на тое, што робяць музыкі з вашымі песнямі, даваць нейкія парады?

Піт Паўлаў: Усё ж адбываецца стыхійна! Я ўжо атрымаў два каверы на нашы песні. Адзін на “Лёгкія-лёгкія”, такі дзіўны і не падобны на нашу версію. І згода на яго была атрыманая ад мяне не пэўная. То бок, я хацеў на нешта ўплываць, але мне прыслалі ўжо гатовую версію. І яшчэ адзін гурт узяў песню “Мы жывем не кепска”. І калі я хацеў сказаць, што ў нас пакуль студыя пад працу не замоўленая, яны сказалі, што самі запішуць і дашлюць. Вось калі такіх стыхійных рэчаў назбіраецца вельмі шмат, мы зробім вялікі дадатак з бонусамі ці, калі не будуць змяшчацца на дыск, дададзім асобны мр3 да асноўнага дыска. То бок, нічыя праца не застанецца без нашай увагі. Але мы будзем курыраваць тыя гурты, у якіх мы самі зацікаўленыя, якія мы лічым нашымі нашчадкамі, якія самі лічаць, што мы на іх паўплывалі. Гэта не прымусовая акцыя, яна мусіць падпарадкоўвацца жаданню саміх музыкаў. Калі, напрыклад, нехта не хоча гэтага рабіць, але гэта для яго кан’юктурны піяр-ход, то можа і не рабіць. Проста мне падаецца, што такую магчымасць разумна выкарыстаць англамоўным і рускамоўным гуртам. Для іх удзел у трыб’юце — магчымасць паспрабаваць сябе ў новым фармаце і быць упэўненымі ў песні. Таму што песні N.R.M. ужо прайшлі выпрабаванне часам, і мець у сваім рэпертуары нашу песню й— гэта гарантыя таго, што ўсё будзе добра. І яна будзе як шчыт абараняць музыкаў ад крытыкі. Таму што сваю песню напісаць на роднай мове больш складана, чым спяваць па-англійску незразумелую а-ля фірмовую абракадабру.

Еўрарадыё: Ці будзе, на ваш погляд, новы трыб’ют мець такі ж поспех, які мела “Viza” 2003-га года?

Піт Паўлаў: Я ўпэўнены, што так, бо радыёэфір стаў шырэйшым. Тыя старыя запісы N.R.M. даволі часта не адпавядаюць так званаму фармату, маўляў, старыя альбомы кепска гучаць. Я так не лічу, яны гучаць так, як тады і гучала музыка. Але ўсё ж тое, што запісанае цяпер маладым гуртом больш адпавядае сучасным трэндам. І верагодна, што гэтую музыку больш ахвотна возьмуць на радыё.

Еўрарадыё: Памятаю, на вокладцы першага трыб’юта N.R.M. меліся розныя фішачкі. Вы працягнеце гэтую справу на новым дыску?

Піт Паўлаў: Пакуль што не ведаю (смяецца). Мне спадабалася, што там былі пячаткі з пашпартоў. Калі мы зробім пашпартызацыю грамадзян N.R.M., то візы, відаць, атрымаюць толькі музыкі з клана N.R.M. І калі мы будзем праводзіць “N.R.M.-фэст”, то гэтыя музыкі дакладна будуць нашымі першымі ганаровымі гасцямі.

Еўрарадыё: А што за “N.R.M.-фэст”, ён плануецца?

Піт Паўлаў: Восенню N.R.M. споўніцца 20 гадоў. І хутчэй за ўсё, гэта не будзе проста чарговы канцэрт гурта, а збярэцца пэўная колькасць дарагіх госцікаў.

Еўрарадыё: Лявона Вольскага запросіце?

Піт Паўлаў: Няма такога ў планах. Пакуль што няма. Але я буду рад, калі гэтыя маладыя гурты сыграюць нашу песню і дзве сваіх, напрыклад, Re1іkt, Akute, Avias, Tonqixod, “Мутнаевока” — вось я назваў пяць гуртоў, і энергія мяне напаўняе, бо я ўяўляю, як яны “уломяць”. І гэта ўсё мае любімыя гурты. Яны класна ўломяць. Я ўпэўнены ў гэтым. Ну, і потым будзе выступ N.R.M. Ужо гэта выглядае як міні-фэст. Мы паспрабуем зрабіць так, і калі нам усім спадабаецца, то наступны раз мы дадзім сцэну выбітнейшым ужо гуртам, каб яны “уламілі” свае нармальныя праграмы, ну, няхай не паўтары гадзіны, а хвілін 40. І гэта ўжо нармальны 5-гадзінны фэст атрымоўваецца!

Еўрарадыё: Дарэчы, ці будзе гатовы трыб’ют да вашага 20-годдзя?

Піт Паўлаў: Да фэсту яшчэ паўгода. Калі цяпер шчыльна працаваць і з’явіцца дапамога, паспеем.

Еўрарадыё: Чым яшчэ, апроч трыб’юта, цяпер займаецца N.R.M.?

Піт Паўлаў: Цяпер мы рыхтуем некалькі новых песень — не для альбома, а проста яны нараслі. Потым, фэны, якія ходзяць на ўсе нашы канцэрты, параілі разархіваваць яшчэ некалькі старых песень. Бо сэт-ліст з “нрм’аўскімі” хітамі вельмі аднастайны, хоць песні ў ім і класныя. І вось мы крыху разварушылі нашу спадчыну і абралі некалькі песень, якія вельмі даўно не гралі. Да таго ж, мы амаль скончылі працу над “Peggy Brown”, гэта песня польскага гурта Myslovitz. Версія Myslovitz нашай песні “Прамень” увойдзе ў трыб’ют. Так стала, што ў гэтым трыб’юце паўдзельнічаюць не толькі беларускія музыкі, але і замежныя: палякі, шведы і чыліец. Чылійскі музыка запіша нашу песню на іспанскай мове, але менавіта на чылійскай іспанскай.

Еўрарадыё: А што за песня будзе?

Піт Паўлаў: На жаль, гэта будзе песня “Прамень”. То бок, ужо зробленая памылка, пра якую я казаў вышэй, і выправіць яе наўрад ці атрымаецца — у трыб’юце будзе ажно 3 версіі гэтай песні! У тым ліку, і на шведскай мове. Мы маем таксама гатовыя пераклады песні на англійскую і нямецкую мову. Магчыма, англійскую версію “Праменя” запішуць Muse ці Kasabian — з кім дамовімся.

Еўрарадыё: У якім рэчышчы ствараецца ваш новы матэрыял?

Піт Паўлаў: Калі вы былі на нашых канцэртах, вы чулі, што мы граем. Я б назваў гэта цяпер самым модным трэндам — граць як гралі ў 60-я, такі шчыры рок. Нават у нашых цяжкіх песнях кшталту “Дастала”, “Катлет-матлет” мы адмовіліся ад металёвых рыфаў, каб усё гучала, як у тыповага N.R.M.. А тыповы N.R.M., на мой погляд, цяпер гучыць як любая тыповая сучасная каманда кшталту Вabyshambles.

Фота з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі