Вы тут

Першы энергаблок БелАЭС зноў уключылі ў сетку

Беларуская АЭС / Еўрарадыё

Першы энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі зноў уключылі ў сетку, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства энергетыкі.   

"Рэактар першага энергаблока ў цяперашні час працуе на магутнасці 40% ад намінальнай. Працягваюцца выпрабаванні сістэм і абсталявання энергаблока", — сказалі ў прэс-службе Мінэнерга.

Першы энергаблок урачыста — з удзелам Аляксандра Лукашэнкі — запусцілі 7 лістапада. На наступны дзень стала вядома, што на станцыі ўзніклі непаладкі. Міністэрства энергетыкі заявіла, што этап "энергетычны пуск" прадугледжвае рэжымы працы энергаблока на розных узроўнях магутнасці", і што падчас выпрабаванняў была "выяўленая неабходнасць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталявання". 

Пазней кіраўнік будаўніцтва БелАЭС Віталь Палянін пацвердзіў: зламаліся трансфарматары, іх мяняюць.  Паводле яго слоў, гэтая сітуацыя не паўплывае на графік вываду блока ў прамысловую эксплуатацыю. Расійскі бок мае намер перадаць працоўны блок беларускім калегам у першым квартале 2021-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.