Вы тут

Першы энергаблок БелАЭС адключаны ад сеткі

БелАЭС / Еўрарадыё

Першы энергаблок БелАЭС адключаны ад электрасетак. Надзвычайная сітуацыя ўзнікла 16 студзеня ў 19:02, калі спрацавала сістэма абароны генератара.

"Сістэма абароны спрацавала падчас даследча-прамысловай эксплуатацыі першага энергаблока, у рамках якой праводзіцца тэставанне сістэм і абсталявання", — заяўляюць у Мінэнерга Беларусі.

Энергетыкі дадаюць, што радыяцыйны фон у раёне Астравецкай атамнай электрастанцыі ў норме.

Гэта не першае надзвычайнае здарэнне на Беларускай АЭС ад моманту афіцыйнага запуску першага энергаблока. Ён адбыўся 7-га лістапада (на станцыю прыязджаў Лукашэнка), а ўжо 8-га лістапада быў спынены. Афіцыйная версія — "неабходнасць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталявання". Неафіцыйна ж паведамлялі, быццам бы на БелАЭС сапсаваліся трансфарматары.

19 лістапада першы энергаблок зноў ўключылі ў сеткі. 1 снежня пра магчымае НЗ на БелАЭС заявілі эколагі: быццам бы няспраўнасць была знойдзеная ў рэзервовай сістэме астуджэння рэактара першага энергаблока. Як сцвярджаюць у Мінэнерга, сапраўды адбыўся скід пара, аднак гэта было запланавана.

Чарговае "планавае адключэнне" энергаблока адбылося 3 снежня. Яго зноў падключылі да электрасетак 21 снежня, то бок менш за чатыры тыдні таму.

Эколагі і актывісты неаднаразова выказвалі сумневы ў бяспецы БелАЭС. Таксама ў ёй сумняюцца афіцыйныя асобы Літвы, паблізу з мяжой якой працуе станцыя. Афіцыйны Мінск адхіляе ўсе падазрэнні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.