Перамагчы Зяленскага: ці атрымае Ціханоўская Нобелеўскую прэмію міру?

Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі знаходзіцца ў фаварытах на атрыманне ўзнагароды. Але ёсць адно “але” / калаж Улада Рубанава  

Ідзе “Нобелеўскі тыдзень”, на працягу якога мы даведаемся, хто атрымае галоўную прэмію свету ў самых розных галінах. Беларускі і расійскі лідары апазіцыі Святлана Ціханоўская і Аляксей Навальны з'яўляюцца галоўнымі прэтэндэнтамі на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру ў 2022 годзе. Пра гэта заявіў нарвежскі палітолаг, дырэктар Інстытута даследавання праблем міру Хенрык Урдал. Паводле яго слоў, гэты жэст можа быць выкарыстаны ў якасці асуджэння ваеннай аперацыі, якая праводзіцца расійскімі вайскоўцамі на тэрыторыі Украіны.


Якія шанцы, што ўзнагарода дастанецца менавіта Ціханоўскай? На гэтае пытанне ў эфіры Еўрарадыё адказаў гісторык і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман:   


“Калі б у нас была зусім іншая палітычная рэчаіснасць, калі б не было вайны ў Еўропе, якая ўвогуле можа ператварыцца ў ядзерную, то размоваў пра Ціханоўскую ці Навальнага не было б. З вялікай імавернасцю гэта б стаў нейкі афрыканскі, паўднёваамерыканскі ці азіяцкі кандыдат.


Але сёння так склалася, што Еўропа ў цэнтры ўвагі. І тая вайна, якая сёння адбываецца, — галоўная падзея ў сусветнай палітыцы. Таму абысці гэта ўвагай будзе вельмі цяжка. Мне падаецца, што ў гэтым годзе Нобелеўская прэмія цалкам магчыма можа застацца ва Усходняй Еўропе зноў”. 

На каго ставіць сам Фрыдман?


“Вядома, галоўны фаварыт, як мне падаецца, калі Нобелеўскі камітэт пойдзе па гэтым сцэнары, гэта — Аляксей Навальны”. 


На думку Фрыдмана, не варта выключаць, што прэмію могуць падзяліць паміж Ціханоўскай і Навальным: “Гэта падаецца цалкам магчымым. Калі яны на гэта пойдуць, то гэта будзе моцна. Гэта не палепшыць становішча Аляксея Навальнага, але будзе моцны палітычны і своечасовы крок”.


Імёны намінантаў забаронена раскрываць, але букмекеры называюць адным з фаварытаў Уладзіміра Зяленскага. Паводле іх, прэзідэнт Украіны мае шанцы атрымаць прэмію міру.


Малаімаверным лічыць Фрыдман варыянт, калі прэмію падзеляць паміж Зяленскім, Ціханоўскай і Навальным: “Такі варыянт падаецца магчымым, але толькі тэарэтычна”.   

 

У 2021 годзе Нобелеўскую прэмію міру прысудзілі галоўнаму рэдактару “Новой газеты” Дзмітрыю Муратаву “за намаганні па абароне свабоды выказвання меркаванняў, якая ёсць перадумовай дэмакратыі і ўсталявання трывалага міру”. Ён падзяліў узнагароду з філіпінскай журналісткай Марыяй Рэсай.


Пазней Муратаў прадаў свой Нобелеўскі медаль на аўкцыёне за $103,5 млн. Усе грошы ад продажу ўзнагароды былі накіраваныя ў міжнародны Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) для дапамогі дзецям ва Украіне і ў суседніх краінах. Частку сродкаў пры гэтым накіравалі на падтрымку сем'яў уцекачоў з Украіны і ўнутрана перамешчаных асоб.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.