Вы тут

Перакладчыцу Вольгу Калацкую вінавацяць у хуліганстве

Вольга Калацкая / facebook.com

Перакладчыцы Вользе Калацкай выставілі абвінавачанне ў хуліганстве (ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса), паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Сваякі мяркуюць, што нагодай для крымінальнай справы маглі стаць падзеі, якія трапілі ў матэрыял Рыгора Азаронка на дзяржаўным тэлеканале СТБ: у сюжэце паказвалі, як жанчыны падчас аднаго з маршаў гучна сварацца з гэтым прапагандыстам.

Калацкай прызначылі ўтрыманне пад вартай на час следства. Днямі яе перавядуць у Жодзінскае СІЗА.

Як паведамляла Еўрарадыё, Вольгу Калацкую затрымалі 15 студзеня ў яе дома. Яна вядомая як перакладчыца на беларускую мову дзясяткаў фільмаў, серыялаў, мкльтфільмаў і кніг. 

Амерыканскі ПЭН (PEN America) і вядомая канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд выступілі з патрабаваннем неадкладна вызваліць перакладчыцу.

Вольга Калацкая жыве ў Мінску з 89-гадовай маці, якой патрабуецца дагляд. Цяпер дапамагаць маці прапанавалі сябры і вучні Вольгі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.