Вы тут

Пенсіянерка з Мінска: вельмі страшна, але радасна, што людзі не здаюцца

Марш пенсіянераў у Мінску 19 кастрычніка / Еўрарадыё

У нядзелю 29 лістапада ў Мінску прайшоў Марш раёнаў. Традыцыйна сілавікі занялі пазіцыі па ўсім горадзе, але пратэстоўцы ўсё роўна змаглі сабрацца. Іх затрымлівалі, білі, разганялі спецсродкамі. Еўрарадыё пра гэтыя падзеі расказвала з дапамогай аўдыяпаведамленняў на мабільным нумары *5050.

У той жа дзень на гэты нумар патэлефанавала жыхарка Мінска, якая эмацыйна паведаміла пра тое, што адбываецца каля яе дома. Мы патэлефанавалі ёй, каб падзякаваць за паведамленне, а ў адказ атрымалі маналог пра тое, што адбываецца ў краіне. Публікуем яго цалкам. Нашу суразмоўніцу завуць Сафія Міхайлаўна, ёй 84 гады, жыве ў Малінаўцы.

Як усё пачыналася

Усё пачалося ў канцы 80-х, калі толькі выйшаў першы асобнік "Народнай волі". Галоўным рэдактарам быў шаноўны Павел Сярэдзіч. Я пачала чытаць гэту газету. Хоць да таго я чытала савецкае, вядома, як усе савецкія людзі. У мяне вышэйшая адукацыя, скончыла фізмат. Працавала ў НДІ ўсё жыццё, на ВПК. Нешта нам прывозілі з Масквы, праз камандзіроўкі, нешта перадрукоўвалі на ксераксе, яшчэ неяк. Чыталі ўсялякі самвыдат. І адукоўваліся.

Калі прыйшоў наш "незаменны", у часы Пазняка, былі дэманстрацыі, нас ніхто не біў, я хадзіла і ўдзельнічала. Была на мітынгу, калі ішлі рабочыя з Заводскага раёна і дайшлі да помніка Леніну. Вось тады пачаў фармавацца іншы светапогляд і разуменне.

Увесь час мне было шкада змарнаваных гадоў. Нас ва ўніверсітэце вучылі гісторыі партыі. На фізмаце. Нафіг яна нам была патрэбна на фізмаце? Вучылі ўсіх цароў, але толькі не гісторыю Беларусі.

Софья Михайловна / Фото из личного архива

Як усё закруцілася

З таго часу я пачала цікавіцца гісторыяй Беларусі. Ужо ў 90-я можна было шмат чаго знайсці. Ды і гісторыя адбывалася на нашых вачах: напрыклад, тады трансляваліся ўсе пасяджэнні Вярхоўнага Савета. Я асабіста ведала Сяргея Антончыка, які рыхтаваў знакаміты даклад аб карупцыі. І як з дакладам аб карупцыі выступіў іншы. І як на гэтым "выехаў". І як ён прымаў прысягу пад нашым бел-чырвона-белым сцягам. А цяпер ён называе яго фашысцкім?

Што цяпер

Цяпер у мяне дрэнны зрок, дыябет. Дзесяць дзён таму я пашкодзіла нагу, толькі сёння дабралася да траўматолага. Сяджу на абязбольвальных. У мяне засталіся дзеці, унукі. У свой час мяне сваякі называлі "бэнээфаўкай". І казалі: "Ты дзяцей сапсавала". Ну так, цяпер так разважаюць мае дзеці і ўнукі. Іх шасцёра ўжо падрастае. Яны гэтаксама думаюць, як і я. Яны выраслі са мной.

Цяпер усю інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Мінску, я атрымліваю ад іх. Камп'ютара ў мяне няма. Я не валодаю нічым. У мяне ўнучка адзін час жыла — было ўсё. Ну вось, з'явіліся вы — дзякуй, атрымліваю інфармацыю па тэлефоне.

"Страшна, вельмі страшна, але радасна, што людзі не здаюцца"

Вы не ўяўляеце, як бы я хацела быць там, дзе б'юць. Так, я ужо дайсці не магу. Але жыву побач з 25-й паліклінікай. І сёння была там. Бачыла двух хлопчыкаў, якія хадзілі да траўматолага. Яны хадзілі то да траўматолага, то да хірурга, то на здымкі. У аднаго ўвесь твар скалечаны! І гэта пасля ўчарашняга. Ён нават надзець маску не можа. Я не вельмі добра чую. Сын больш чуў, і мне потым пераказваў, як яны дзяліліся ўражаннямі пра ўчарашняе.

Ды і я сама асабіста чула два вялікія выбухі. Усё, што адчувала, — страшна, вельмі страшна, але радасна, што людзі не здаюцца. Калі ж ён нап'ецца нашай крыві? Я рада, што вырасла пакаленне разумнае. Не такое, як мы былі.

Што далей

Я вельмі хачу, каб усё-ткі Беларусь выжыла. Але я не ведаю, я губляю надзею.

Нездарма кажуць, што супраць лому няма прыёму. А лом толькі ў яго. А ў нас кветачкі і маскі. Гэта не спрацуе, калі ў чалавека няма нічога чалавечага. Як да яго можна дастукацца?.. Многія людзі з'ехалі. Мая ўнучка таксама з'ехала.

Я чую, як маладыя кажуць: "А, гэта ўсё старыя вінаватыя, яны яго выбралі". Я ні разу за яго не галасавала, ніколі. Я з самага пачатку, лічы, з-пад стала чытала гэтыя самвыдаты.

Я ўжо з 92-га года на пенсіі, і ўсе, хто працаваў са мной, усе думаюць так, як я. Няма сярод майго атачэння тых людзей, якія б галасавалі за яго. І якія б махалі яго чырвона-зялёнымі сцягамі. Не ведаю, адкуль бяруцца яны?

Хацелася б памерці з надзеяй. Дай бог вам сіл, маладым. Я не баюся сваіх слоў, хоць, магчыма, я даверылася не толькі вам, а і які-небудзь Іваноў нас пачуў. Але мне ўжо няма чаго баяцца. Я 18 гадоў жыву пасля анкалогіі. Так што я ўжо пражыла больш, чым трэба. Толькі вельмі хачу, каб мае нашчадкі жылі ў свабоднай Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.