Вы тут

Пасядзяць, з'ядуць торцік — і лягчэй: як у вайну кавярня стала аддушынай кіяўлян

Раніцай 24 лютага Дзмітрый, як звычайна, пайшоў на працу ў кавярню — і з тых часоў не закрываў сваю ўстанову / pixabay

На левым беразе Дняпра ў Кіеве працуе кавярня iKava. Уладальнік кавярні Дзмітрый не закрыў сваёй установы ні на адзін дзень. У першы дзень вайны ён прачнуўся, прачытаў навіны — і пайшоў на працу.

Дзмітрый, уладальнік кавярні / фота з асабістага архіва суразмоўніка Еўрарадыё

А цяпер кавярня — пункт прыцягнення для жыхароў раёна. Тут можна пагаварыць пра вайну ці, наадварот, успомніць мінулае жыццё, калі, выгульваючы раніцай сабаку, можна было зайсці па кубак капучына.

Дастаць снікерсы цяпер праблема, а вось фірмовы вафельны торт тут працягваюць пячы як і ў даваенны час. Пра што цяпер гавораць кіяўляне за кубкам кавы, Дзмітрый расказаў Еўрарадыё.

 

"Дзмітрый, прачынайся. Вайна"

Мы стэлефаноўваемся з Дзмітрыем у 21:00 па Кіеве — ён толькі-толькі пераступіў парог дома, а ў горадзе пачала дзейнічаць каменданцкая гадзіна. Каменданцкая гадзіна будзе знятая а шостай раніцы — і ў гэты час Дзмітрый выйдзе з дома і адправіцца на працу ў сваю кавярню. Ён робіць так з першага дня вайны.

Кіеў у красавіку / афіцыйны тэлеграм-канал Кіеўскай гарадской адміністрацыі

— 24 лютага а палове на пятую раніцы мне патэлефанаваў жыхар нашага дома і сказаў: "Дзмітрый, прачынайся. Вайна". Я спрасонку нічога не зразумеў. Пытаюся: у якім сэнсе? А ў гэты момант за вокнамі ўжо былі чуваць выбухі. Гэтая кананада гучала на працягу гадзіны, а потым усё сціхла.

У першыя хвіліны была разгубленасць. Што рабіць далей? Як гэта — вайна? Усё гэта як снег на галаву. І я сабраўся і пайшоў на працу ў кавярню. Прыбраўся там, памыў падлогу, падрыхтаваўся да працы.

Днём прагучала першая паветраная трывога. Дзмітрый адвёў жонку і дзяцей у метро. Сябе называе чалавекам "не вельмі прабівальным", так што ні ў банкамат, ні ў супермаркет, ні ў бок выезду з горада не пабег. Вярнуўся на працу.

Кавярня знаходзіцца ў тым самым доме, у якім жыве Дзмітрый. І ўвечары сям'я вырашыла, што на час пераедзе з кватэры на верхніх паверхах у кавярню. У адной з залаў абсталявалі спальню, а ў іншай паставілі доўгі стол. За гэтым сталом у наступныя сорак дзён і будуць збірацца жыхары раёна.

Кавярня Дзмітрыя

— У мяне была думка адправіць сям'ю ў больш бяспечнае месца, але мы вырашылі, што не варта падзяляцца. Засталіся разам, ды так і працягваем жыць у Кіеве. А наша кавярня засталася адзінай адкрытай у раёне.
 

"Кавярня для многіх стала аддушынай"

У сеціве ёсць вялікая мапа, на якой адзначаны бізнес, што працягвае працаваць у вайну. Працуюць буйныя супермаркеты, але значная частка малога бізнесу — ларкі, кавярні, якіх у Кіеве было так шмат да вайны, — закрылася.

Раней у кавярню Дзмітрыя прыходзілі жыхары раёна, практычна ўсіх сваіх кліентаў ён ведаў у твар. Але з пачаткам вайны многія з'ехалі. Дзмітрый кажа, што з яго дома выехала больш за палову жыхароў. Але наведвальнікаў у кавярні менш не стала: пацягнуліся людзі з суседніх раёнаў.

— У першыя дні людзі ў кавярні абмяркоўвалі, што рабіць: выязджаць, не выязджаць? Народ быў у жудасным напружанні праз пастаянныя паветраныя трывогі, праз тое, што трэба было пастаянна хавацца — у сутарэнне, у метро, у ванную.

А кавярня стала аддушынай. Мне тады шмат хто казаў: дзякуй, што вы працуеце, што да вас можна прыйсці і эмацыйна адпачыць. У асноўнай масе людзі былі ў жорсткім напружанні. Калі прыходзілі ў кавярню, мы стараліся іх падтрымаць, рассмяшыць. І ў кавярні ў людзей выплюхвалася напружанне. Пасядзяць, з'ядуць торцік, пагутараць — і лягчэй становіцца.

Красавік у Кіеве / фота Кіеўскай гарадской адміністрацыі

Я жыву ў тым самым доме, у якім працую. Гэта значыць, што я магу максімальна хутка дабрацца да працы і адчыніць кавярню. І часам людзі заходзяць са словамі, маўляў, я прывык, гуляючы з сабакам, піць каву. Цяпер у Кіеве ў гэты час кавы яшчэ ніхто не варыць — а вы адчыненыя, дзякуй вам.

Дзмітрый кажа, што яму нават не давялося нейкім асаблівым чынам перафарматаваць працоўныя працэсы. Хіба што прыйшлося нанова наладзіць лагістыку, таму што многія пастаўшчыкі кубачкаў і сіропаў з'ехалі з горада. А графік працы — падладзіць пад каменданцкую гадзіну.

 

Малако ў капучына і для бабуль

З надыходам каменданцкай гадзіны вуліцы пусцеюць. Ні сабак, ні катоў, ні людзей, кажа Дзмітрый. Жыццё вяртаецца на вуліцы толькі раніцай.

Блокпасты ў горадзе / сацсеткі Кіеўскай гарадской адміністрацыі

— З горада з'ехала вельмі шмат людзей, у нашым доме арганізавалі дзяжурства кансьержаў, бо ясна, што можа пачацца і крадзеж, і марадзёрства. Дый былі такія выпадкі: хтосьці сцягнуў дзве шпулькі правадоў, але "засвяціўся" на камерах. Паліцыя адрэагавала хутка, і зладзеяў паказальна адлавілі.

У першыя дні вайны мы бачылі фатаграфіі пустых паліц у кіеўскіх крамах. Дзмітрый кажа, што гэтая паніка прайшла ўжо праз некалькі дзён.

— Па маіх адчуваннях, на працягу тыдня пасля пачатку вайны жыццё нармалізавалася. Народ перастаў выграбаць тавары з паліц, рабіць месячныя запасы. Так, асартымент паменшыўся. Раней у цябе было сто відаў сыроў, цяпер — два-тры віды. Але дэфіцыту няма, ніхто з голаду не пухне.

А вось з чым былі сур'ёзныя цяжкасці ў першыя тыдні вайны, дык гэта з малаком. І Дзмітрый ездзіў у вялікі гіпермаркет, у якім былі запасы малочных прадуктаў, прывозіў малако і для кавярні, і для суседзяў-пенсіянераў.

— Малако закупляў скрынямі, а кансьержка разносіла нашым бабулям і дзядулям, якім не было каму дапамагчы. Яны ж амаль не выходзяць на вуліцу, баяцца.

Тэлефануе пенсіянерка, пытаецца: Дзімачка, ты ў краму будзеш ісці? Купі мне, калі ласка, селядца. І селядзец, вядома, купляю, прыношу, натуральна, грошай за гэта не бяру. Ну, людзям патрэбныя не толькі прадукты. Бабулям, якія жывуць адны, трэба пагаварыць. І вось ты заходзіш у кватэру з малаком і вадзіцай — і знікаеш на гадзіну за размовамі, — расказвае Дзмітрый.

Але якім бы мірным цяпер ні здавалася збоку жыццё ў Кіеве, ні мэр Віталь Клічко, ні кіяўлянін Дзмітрый не раіць спяшацца з вяртаннем у сталіцу.

Кур'ер на вуліцах Кіева, красавік / фота з сацсетак Кіеўскай гарадской адміністрацыі

— Пакуль расіяне былі ў Кіеўскай вобласці, тут было небяспечна. Усе разумелі, што можа прыляцець што хочаш. У тых раёнах, у якія я ездзіў на закупы, грукатала перманентна. Уражанне гнятлівае. Цяпер, калі расійскія войскі адсунулі, з'явілася адчуванне спакою. Але я ўсведамляю тое, што ракета можа прыляцець куды хочаш і калі хочаш. І небяспека ракетнага ўдару павінна людзей спыняць.

Але я разумею жаданне людзей хутчэй вярнуцца. Родныя сцены вельмі моцна дапамагаюць перажыць спакойна — калі ўсё гэта можна назваць спакоем — такі час. Вось людзі і пацягнуліся назад у Кіеў. Дадому ж хочацца.

— Калі ўсё ж дабяромся да Кіева, што пакаштаваць у вашай кавярні?

— Памятаеце, у Савецкім Саюзе быў вафельны торцік са згушчонкі? Мы робім яго самі. Ён просты, але вельмі смачны. І з вайной мы не пераставалі яго рабіць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.