Вы тут

Пасля слоў Лукашэнкі з Акадэміі мастацтваў адлічылі студэнтаў

Плакат з маршу / ілюстрацыя Еўрарадыё​

У аўторак, 27 кастрычніка, у Тэлеграм-каналах сталі абмяркоўваць фота загаду аб адлічэнні трох студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У тэксце дакумента гаворыцца, што Аляксандра Данілкіна (5 курс), Карыну Чакур (5 курс) і Серафіма Ганічава (3 курс) адлічваюць з 26 кастрычніка. Падставай для гэтага стала тлумачальная запіска самога студэнта або дакладная запіска загадчыка кафедры жывапісу Уладзіміра Масленнікава, а таксама пратакол пасяджэння Савета прафілактыкі і прадухілення правапарушэнняў і п'янства №9 ад 26.10.2020 года.

Пад загадам няма подпісаў прарэктара па вучэбнай рабоце Алены Бохан і дэкана мастацкага факультэта Ганны Конанавай.

Адзін з адлічаных студэнтаў расказаў TUT.by, што ўсё пачалося 26 кастрычніка. Хлопца выклікалі на прафілактычную гутарку з першым прарэктарам Святланай Вінакуравай. Ён распавёў, што ўдзельнічаў у акцыі. На гэта, паводле слоў студэнта, Вінакурава адказала, што "палітыка па-за межамі мастацтва" і патлумачыла, што ў яго другая вымова. На наступны дзень хлопцу паведамілі, што ён адлічаны. 

Каментаваць сітуацыю Вінакурава журналістам не стала, спаслаўшыся на тое, што апошні подпіс ставіць рэктар.

27 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Хто выйшаў, у парушэнне закона, на несанкцыянаваную акцыю, ён пазбаўляецца права быць студэнтам". Дакумент пра адлічаных з Акадэміі мастацтваў з'явіўся ў сеціве праз дзве гадзіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.