Пасля правальнага адбору Кандрацьева пакінулі кіраваць зборнай Беларусі

Пасля правальнага адбору чэмпіянату свету Георгія Кандрацьева пакінулі кіраваць нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі. Яго кантракт дзейнічае да канца 2022 года. Пра гэта было заяўлена па выніках выканкама Беларускай федэрацыі футбола, які прайшоў 9 снежня. На ім Кандрацьеў выступіў з дакладам. "Мы прыйшлі да высновы, што далей трэба ісці з маладымі хлопцамі", — гаварыў ён.

Фактычна толькі амаладжэнне зборнай Георгій Кандрацьеў падае як пазітыў у сваёй дзейнасці. У адборачнай групе чэмпіянату свету яна заняла апошняе месца, прайграла сем матчаў з васьмі. Адно з паражэнняў — 0:8 ад Бельгіі — стала самым буйным у гісторыі каманды.

Георгій Кандрацьеў быў зацверджаны галоўным трэнерам футбольнай зборнай Беларусі ў ліпені 2021-га, а да таго некалькі месяцаў выконваў яго абавязкі. Ён ужо ўзначальваў зборную ў 2012-2014 гадах.

Кандрацьеў — вядомы беларускі футбаліст савецкіх часоў, быў у залатым складзе мінскага "Дынама", які ў 1982-м стаў чэмпіёнам СССР. Паспяхова гуляў за зборную Савецкага Саюза.  Трэнерскую кар'еру ён пачаў у канцы 1990-х.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.