Вы тут

Пасля ператрусаў у офісах незалежных прафсаюзаў знікла сувязь з 14 актывістамі

Знікла сувязь і з лідарам незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам / З архіву Еўрарадыё

Пасля ўчарашніх ператрусаў у офісах незалежных прафсаюзаў на сувязь не выходзяць 14 прафсаюзных актывістаў. Гэта лідары і актыў Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, паведамляюць праваабаронцы.

Нагадаем, у БКДМ уваходзяць Свабодны прафсаюз металістаў, Свабодны прафсаюз Беларуськалія, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).

Паводле папярэдніх звестак, на 10:30 20 красавіка не было сувязі з Янай Малаш, Віталём Чычмаровым, Ганнай Дусь, Аляксандрам Бухвоставым, Васілём Берасневым, Генадзем Фядынічам, Дзмітрыем Бародкам, Аляксандрам Ярашуком, Сяргеем Антусевічам, Мікалаем Шарахам, Ірынай Бут-Гусаім, Міхаілам Громавым, Вадзімам Пайвінам, Юрыем Беляковым.

Пра ператрус у мінскім офісе прасаюзу РЭП напярэдадні расказаў кіраўнік партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Сяргей Чэрачань. Ён выпадкова апынуўся там падчас візіту сілавікоў — зайшоў да кіраўніка офіса. Паводле яго слоў, людзі ў чорным выламалі дзверы і ўварваліся ў памяшканне. Усіх, хто знаходзіўся ў памяшканні, уключаючы прафсаюзнага кіраўніка Генадзя Фядыніча, паставілі тварам да сценкі.

Нагадаем, раней незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці прызналі ў Беларусі "экстрэмісцкім фарміраваннем".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.