Пасля 105 сутак арышту выйшла на волю Анастасія Перавошчыкава

Пасля 105 сутак арышту выйшла на волю Анастасія Перавошчыкава

Сустракалі Анастасію Перавошчыкаву, якая правяла 105 сутак за кратамі, з ізалятару ў Буда-Кашалёва ўвечары 9 траўня. Туды прыехалі маці дзяўчыны і яе сяброўкі.

"Наш крэмень, наша гераіня", — кажуць яе сяброўкі "Народнай волі".

Вось як распавядае пра ўмовы ўтрымання сама Анастасія:

"Адбіралі матрасы, коўдры, падушкі. Абмяжоўвалі магчымасць карыстацца кніжкамі. Не лічу сябе нейкім парушальнікам ці заўзятай актывісткай. Але калі нават чалавек у чымсьці і вінаваты, то да яго ўсё роўна варта ставіцца па-чалавечы. Моцную падтрымку аказвалі людзі праз лісты. Пісалі з Гомля, Мінска. На волі гэта не так успрымаецца, а ў ізаляцыі вельмі важна".

Пасля 105 сутак арышту выйшла на волю Анастасія Перавошчыкава
Анастасія Перавошчыкава з сяброўкам / “Народная Воля”

Анастасія Перавошчыкава працавала судмедэксперткай, але звольнілася яшчэ да выбараў. У жніўні яна стала выходзіць на вулічныя акцыі пратэсту. Напрыканцы студзеня яе затрымалі, а ў кватэры правялі ператрус. Іаксама ператрус адбыўся ў кватэры дзядулі — 89-гадовага пенсіянера, работніка тылу часоў вайны. Міліцыянты шукалі раённы сцяг, з якім фатаграфуюцца мясцовыя актывісты.

Тады Насту асудзілі першы раз. 6 лютага дзяўчына вызвалілася, але праз два дні яе запрасілі ў міліцыю — нібыта на размову. Дадому яна не вярнулася: на яе склалі чарговы пратакол і зноў асудзілі на 15 сутак. Пакуль дзяўчына сядзела ў ІЧУ адбыліся яшчэ некалькі судоў, кожны з якіх даваў ёй па 15 сутак. Агулам набралося 105 сутак арышту.

Больш за яе беларускія суды прысудзілі толькі мінскаму студэнту БДУІР Яну Салановічу — 114 сутак. Праўда, пасля 86 сутак хлопца нечакана адпусцілі, і неўзабаве ён пакінуў Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі