Парада: каб стаць шчаслівейшымі, стаўцеся да выхадных, як да водпуску

Аказваецца, у адпачынку мы становімся больш свядомымі і больш цэнім момант. Сёння пятніца — самая пара паспрабаваць падыход / pixabay
Аказваецца, у адпачынку мы становімся больш свядомымі і больш цэнім момант. Сёння пятніца — самая пара паспрабаваць падыход / pixabay

Каб падвысіць узровень шчасця, стаўцеся да выхадных як да водпуску, раіць Washington Post.

Такія высновы даследчыкаў Школы менеджменту пры Каліфарнійскім універсітэце. У эксперыменце прымалі ўдзел больш за 400 чалавек. Палове з іх параілі правесці выходныя так, як быццам гэта водпуск. А другая палова адпачывала як звычайна.

"Узровень шчасця" замерылі, калі ўдзельнікі эксперыменту вярнуліся на працу. Аказалася, што тыя, хто ўспрыняў выходныя як водпуск, ахвотней дзяліліся станоўчымі эмоцыямі. Праўда, выходныя ў "адпускнікоў" выйшлі крыху даражэйшыя, чым у тых, хто нічога асаблівага на гэтыя дні не планаваў.

Але нават пасля падсумавання выдаткаў адпускнікі ўсё яшчэ былі больш задаволеныя, чым група звычайнага "выхаднога дня".

А цяпер галоўная выснова: справа зусім не ў тым, што ў водпуску мы трацім на сябе больш. Аўтары даследавання кажуць, што ў водпуску ў нас змяняецца лад мыслення. Аказваецца, у водпуску мы жывем больш свядома.

"Стаўленне да выхадных як да водпуску актывуе зрух у мысленні — падштурхоўвае нас да таго, каб выйсці з нашага рэжыму безупыннай дзейнасці. Адпускное мысленне дазваляе нам адчуваць, што мы можам зрабіць перапынак і атрымаць асалоду ад моманту", — кажуць аўтары даследавання.

Аказалася, што настроіцца на адпачынак у выхадныя даволі лёгка. Проста скажыце сабе: "Заўтра ў мяне пачынаецца водпуск".

Але даследчыкі папярэдзілі: гэтай тэхнікай нельга карыстацца замест водпуску. Стаўцеся да выхадных, як да водпуску — але абавязкова ідзіце ў сапраўдны адпачынак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі