Палова птушак у свеце знаходзіцца пад пагрозай

Сярод птушак пад пагрозай — гіяцынтавы ара / Ondrej Prosicky / Dreamstime. com

За навінамі пра вайну ва Украіне і пандэмію каранавіруса адыходзіць на другі план праблема экалогіі. Але лепш прыродзе з гадамі не становіцца — наадварот, справаздача BirdLife International сведчыць, што 73% відаў птушак знаходзяцца пад ціскам праз дзейнасць чалавека. Шмат у чым — праз інтэнсіфікацыю сельскай гаспадаркі.

Ва ўсім свеце колькасць 49% відаў птушак скарачаецца, кожнаму восьмаму пагражае знікненне. За апошнія пяць стагоддзяў вымерлі прынамсі 187 відаў птушак.

Эколагі прыводзяць прыклады: пераўтварэнне пашаў у сельскагаспадарчыя ўгоддзі прывяло да скарачэння колькасці жаўрукоў лучніка (Heteromirafra archeri) на 80% за апошнія 15 гадоў.

У цэлым папуляцыя птушак у Паўночнай Амерыцы з 1970 знізілася на 29%, з 1980 у Еўропе — на 19%.

Як нагадваюць навукоўцы, птушкі — кутні камень здаровай экасістэмы, таму іх знікненне можа мець мноства негатыўных наступстваў. Напрыклад, птушкі-насарогі раскідваюць буйное насенне ў трапічных лясах; сцярвятнікі-індычкі ўтылізуюць арганічныя адходы, а марскія птушкі ўдзельнічаюць у кругавароце пажыўных рэчываў паміж морам і сушай, падтрымліваючы здароўе каралавых рыфаў. Знікненне ці нават памяншэнне іх папуляцыі прывядзе да яшчэ большага пагаршэння экалагічнай сітуацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.