Палітзняволеную Яну Пінчук, якую выдала Расія, абвінавачваюць па пяці артыкулах

Яна Пінчук / t.me/freeyana
Яна Пінчук / t.me/freeyana

Суд над палітзняволенай Янай Пінчук пачнецца 10 красавіка. Крымінальную справу будзе разглядаць Мінгарсуд (суддзя — Таццяна Фалькоўская), піша @viasna96.

Пінчук абвінавачваюць па пяці артыкулах: "распальванне іншай сацыяльнай варожасці", "публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, ажыццяўленню дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі", "стварэнне экстрэмісцкага фармавання", "навучанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках" і "дзейнасць па стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці такой арганізацыяй, або яе часткай ці яе структурнымі падраздзяленнямі". Насамрэч яе пераследуюць за ўдзел у масавых пратэстах 2020 года ў Беларусі. Следства сцвярджала, што ў тг-канале "Віцебск 97%" яна размяшчала паведамленні з "негатыўнай ацэнкай супрацоўнікаў праваахоўных органаў і органаў дзяржаўнай улады".

Дзяўчыне пагражае вялізны тэрмін пазбаўлення волі.

Яна Пінчук была затрыманая ў Санкт-Пецярбургу ў лістападзе 2021 года, і з таго часу знаходзіцца за кратамі. Дзяўчына жыла ў Расіі і не падазравала, што сілавікі ў Беларусі аб'явілі яе ў вышук за ўдзел у пратэстах. Рашэнне аб экстрадыцыі прыняла расійская пракуратура, а 1 чэрвеня 2022 года Гарадскі суд Санкт-Пецярбурга дазволіў выдаць Пінчук у Беларусь. Падчас пасяджэння зачытваўся ліст з Генпракуратуры РБ з гарантыямі, што дзяўчыну не будуць... катаваць на радзіме.

Пра тое, што беларуска ўжо ў РБ, стала вядома 1 верасня мінулага года. Яе экстрадавалі, нягледзячы на забарону Камітэта па правах чалавека ААН.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі