Палітвязня Яўгена Дзмітрыева асудзілі на два гады калоніі

Яўген Дзмітрыеў / svaboda.org​
Яўген Дзмітрыеў / svaboda.org​

Яўгена Дзмітрыева, 26-гадовага ратавальніка з Мінска, асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму за ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Паводле абвінавачання, Яўген стаяў у счэпцы і выходзіў на праезную частку.

Яго абвінавачвалі яшчэ і ў гвалце або пагрозе гвалту супрацоўнікам УУС (арт.  364 КК). Абвінавачанне лічыла, што, знаходзячыся на праезнай частцы, Дзмітрыеў "актыўна падтрымаў дзеянні асоб, якія наносілі ўдары рукамі і нагамі, а таксама кідалі розныя прадметы ў службовы транспартны сродак — вадамёт Iveco".  Больш за тое, Дзмітрыеў "кінуў у вадамёт з супрацоўнікамі міліцыі невядомы прадмет". У гэтай частцы сваёй віны ратавальнік не прызнаў. 

Пракурор прасіў прызначыць пакаранне па двух артыкулах, але другое абвінавачанне ў выніку знялі, паведамляюць праваабаронцы.

Напярэдадні Дзмітрыеў выступіў у судзе з апошнім словам. Сказаў, што ён "не дрэнны чалавек і ўжо дакладна не злачынца". Падзякаваў усім за падтрымку.

"Дзякуй усім велізарны за ўсё, што вы для мяне робіце, ведайце, што я вас усіх вельмі моцна люблю і моцна вас усіх абдымаю, памятайце, што ніхто не забыты і нішто не забытае. Быць дабру!"цытаваў Яўгена Дзмітрыева партал TUT.BY.

Па стане на 26 лютага ў Беларусі прызнаныя палітычнымі зняволенымі 251 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі