Палітвязня Уладзіміра Гундара зноў адправілі ў карцар

Уладзімір Гундар / Facebook
Уладзімір Гундар / Facebook

Палітвязня Уладзіміра Гундара адміністрацыя гродзенскай турмы зноў адправіла ў карцар. Там ён правядзе 10 сутак, паведамляе @prisoners_spring96. Прычына спагнання праваабаронцам невядомая.

З 29 красавіка да 6 траўня Гундара ўжо ўтрымлівалі ў карцары, дзе ён стаў дрэнна чуць у апошні дзень тэрміну. Пасля выхаду ён перастаў чуць сукамернікаў і зразумеў, што аглух. Пасля агляду і дапамогі лекара палітвязень ішоў на папраўку, да яго часткова вярнуўся слых. Нядаўна палітвязень сустрэўся ў зняволенні з жонкай.

Уладзімір Гундар — грамадскі дзеяч з Баранавічаў, мае інваліднасць 2-й групы (няма адной нагі). Яго затрымалі ў канцы 2020 года па "справе Аўтуховіча". Падчас затрымання Гундар разбіў свой тэлефон, яго дзеянні кваліфікавалі як "гвалт над службовай асобай" і ў траўні 2021-га асудзілі на тры гады калоніі. Праваабаронцы прызналі Уладзіміра Гундара палітвязнем. У той час ён працягваў знаходзіцца пад следствам. У кастрычніку 2022-га Гундара асудзілі па "справе Аўтуховіча" да 18 гадоў пазбаўлення волі.

У красавіку 2023-га быў трэці суд. За абразу пракуроркі палітвязня асудзілі да 2,5 года зняволення. Шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова Уладзіміра Гундара асудзілі да 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Гундар узнагароджаны Радай БНР медалём Ордэну Пагоні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі