Вы тут

Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ўхваліла Акт аб дэмакратыі ў Беларусі

 Кангрэс ЗША / Reuters

Прэзідэнт ЗША атрымае новыя паўнамоцтвы "па ўвядзенні санкцый" у сувязі з выбарамі 2020 года Беларусі. Гэта прадугледжвае законапраект "Аб суверэнітэце, правах чалавека і дэмакратыі ў Беларусі", які ўхваліла ў сераду Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША, паведамляе TUT.BY.

Законапраект прадстаўляў кангрэсмен Крыс Сміт, адзін з аўтараў Актаў аб дэмакратыі 2004, 2006 і 2011 гадоў.

"Прэзідэнт ЗША можа ўвесці візавыя санкцыі супраць любога замежніка, які з'яўляецца членам Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі ці які ўдзельнічаў у маніпуляцыях на выбарах", гаворыцца ў тэксце абноўленага дакумента.

Пад санкцыі таксама могуць трапіць члены ўрада, адказныя за ціск на СМІ, прадстаўнікі Саюзнай дзяржавы ці расійскія грамадзяне, якія прымалі "значны ўдзел у пераследзе СМІ, парушэнні правоў чалавека".

У абноўленым Акце аб дэмакратыі ў Беларусі гаворыцца, што ЗША прызнае Каардынацыйную раду законным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады і не прызнае Аляксандра Лукашэнку "законна абраным лідэрам Беларусі".

Акрамя таго, законапраект:

— заклікае правесці новыя выбары і вызваліць палітычных зняволеных;

— падтрымлівае імкненне беларускага народа да свабоды веравызнання;

— дазваляе падтрымку ў развіцці дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі;

— заяўляе, што ЗША не прызнаюць уключэнне Беларусі ў Саюзную дзяржаву з Расіяй;

— патрабуе ад ЗША стратэгіі па развіцці тэле- і радыёвяшчання, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;

— прадастаўляе неабходную падтрымку беларускім СМІ і IT-сектару.

Раней кангрэсмен Сміт казаў, што цяперашні Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі ўзмацняе і пашырае папярэднія аналагічныя дакументы. "Гэты закон аднаўляе асабістыя эканамічныя і візавыя санкцыі супраць пашыранага кола асобаў ва ўрадзе Беларусі і грамадзян Расіі, якія былі замяшаныя ў падаўленні пратэстаў", казаў ён.

Абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі яшчэ павінен ухваліць Сенат, пасля чаго дакумент паступіць на подпіс прэзідэнту ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.