"Пакуль вельмі складана" — Кухараў пра сітуацыю з вадой у Новай Баравой

Людзі стаяць у чарзе па воду  / TUT.BY
Людзі стаяць у чарзе па воду  / TUT.BY

Абсталяванне, з-за якога Новая Баравая засталася без вады, сур'ёзна пашкоджана, сцвярджае старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.

"Эксплуатацыя гэтай апаратуры звыш 30 гадоў, калі туды не ўмешвацца. Але падчас гэтага ўмяшання былі нанесены сур'ёзныя пашкоджанні, якія прывялі да таго, што даводзіцца цяпер экстрана праводзіць мерапрыемствы, у тым ліку не чакаючы, калі прыбудуць запасныя часткі — самім перарабляць для таго, каб былі прыняты ўсе меры для водазабеспячэння ", — сказаў ён у эфіры Беларускага тэлебачання.

Раней прадстаўнік кампаніі "А100 Камфорт", якая абслугоўвае мікрараён, больш дэталёва распавёў Еўрарадыё пра сутнасць паломкі: хтосьці перакрыў ваду і пашкодзіў засаўку ў каналізацыйным калодзежы, каб было немагчыма адкрыць ваду. Па словах спецыялістаў, такая паломка звычайна не патрабуе працяглага рамонту. Напярэдадні стала вядома, што засаўку паправілі, але цяпер жыхары Новай Баравой чакаюць вынікаў пробаў вады і па-ранейшаму сядзяць без вады.

"Пакуль гэта вельмі складана. Трэба яшчэ абследаваць стан вады, правесці прамыванне пасля таго, як туды было зроблена ўмяшанне. Водаканал будзе працаваць да поўнага ўстаранення ўсіх прычын", — сказаў кіраўнік Мінгарвыканкама Кухараў.

 Між тым праваабаронцы і частка жыхароў мікрараёна мяркуюць, што камунальныя праблемы ў іх узніклі з-за іх актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Пасля выбараў тут часта праходзілі дваровыя святы, на дамах з'яўляліся нацыянальныя сцягі. Праваабарончая арганізацыя "Беларускі Хельсінкскі камітэт" нават падрыхтавала зварот у ААН з просьбай падтрымаць людзей, чыё базавае права на доступ да чыстай пітной вады парушаецца, каб "прымусіць іх адмовіцца ад свайго слова".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі