Вы тут

Пакуль Мінск не пачне дыялог з грамадствам, ЕС будзе ўзмацняць ціск — Маас

Міністр замежных спраў ФРГ Хайка Маас / Reuters

Еўрасаюз будзе павышаць ціск на Аляксандра Лукашэнку, пакуль ён не пойдзе на дыялог з грамадзянскай супольнасцю, заявіў кіраўнік МЗС ФРГ Хайка Маас.

"Да таго часу, пакуль з Мінска не будзе канструктыўнай рэакцыі, мы будзем разглядаць магчымасць павышэння ціску", цытуе кіраўніка нямецкай дыпламатыі агенцтва ТАСС.

На дадзены момант гаворка ідзе пра пашырэнне санкцыйнага спісу. У чацвер кіраўнікі МЗС ЕС дамовіліся "пачаць падрыхтоўку новага раунда санкцый у адказ на гвалт уладаў і з мэтай падтрымкі беларускага народа". Пра гэта заявіў кіраўнік дыпламатыі ЕС Жозеп Барэль. Паводле яго слоў, санкцыі закрануць не толькі фізічных асоб, але і "структуры, кампаніі і прадпрымальнікаў".

Барэль таксама сказаў, што з гэтага часу Еўрасаюз не выдзеліць ніводнага еўра ўраду Лукашэнкі, усе сродкі пойдуць толькі грамадзянскай супольнасці.

Афіцыйны Мінск ужо заявіў пра гатоўнасць адказаць на новыя санкцыі. Рэакцыя будзе "адэкватнай і вельмі адчувальнай для нашых еўрапейскіх партнёраў", казаў яшчэ 17 лістапада беларускі міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.