Вы тут

Паехалі ў грыбы: як купалаўцы адзначаюць 100-годдзе тэатра

Дзверы Купалаўскага тэатра / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

14 верасня спаўняецца 100 гадоў Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы. Да свята купалаўцы рыхтаваліся загадзя, планавалі адзначаць яго з размахам, у некалькі дзён. У Аляксандраўскім скверы за тэатрам мусіла адкрыцца невялікая Алея зорак.

Але неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў з тэатра — праз сваю пазіцыю — быў звольнены гендырэктар Павел Латушка. За ім сышлі акторы і іншыя супрацоўнікі. З трупы, якая складалася з 57 чалавек, працуюць 15.

Дык ці будзе свята?

“У нас дагэтуль не адбылася сустрэча з нашым новым кіраўніцтвам, няма ніякай яснасці адносна таго, як будзем развівацца далей. Таму нічога не анансавалася, — распавядае Еўрарадыё прэс-сакратар Мікалай Заяц. — Але калі глядзець на сітуацыю знутры, у нас, нягледзячы на тое што частка купалаўцаў засталася, а частка сышла, ніякага расколу няма. Калектыў вельмі дружны. 

Знакамітыя беларусы зладзілі флэшмоб #Купалаўскі100 і запісваюць для нас відэавіншаванні, сёння мы іх разам прымаем. Ужо нас павіншавалі Павел Паўлавіч Латушка, Лявон Вольскі, Піт Паўлаў, Аляксандра Герасіменя, ансамбль “Песняры” ды іншыя. У 19:00 на ютубе адбудзецца невялічкая прэм’ера. Тыя акторы, якія пакінулі тэатр, пачытаюць “Сымона Музыку” Якуба Коласа”. 

Нягледзячы на ўсё гэта, сёння настрой купалаўцаў цяжка назваць святочным. 

“Мы з тэатрам выехалі ў грыбы, гэта старая купалаўская традыцыя, — распавядае Еўрарадыё актор Павел Харланчук. — Так і адзначаем. Што па сітуацыі, усё абсурдна, цяпер мы знаходзімся ў тэатры абсурда, але я веру, што здаровы сэнс пераможа і мы будзем працаваць. Не ведаю, што яшчэ сказаць. Такі неадзназначны час: ні ў адной п’есе, ні ў адным рамане я не чуў пра такія падзеі.

Павел Харланчук / "Фэйсбук"

Як будзе далей — хто яго ведае. Мне адзінае падабаецца, што людзі прачнуліся, што людзі хочуць сапраўды быць асобамі, а не проста нейкім матэрыялам для ўтварэння карцінкі таго, што ёсць краіна. Я спадзяюся, што ўжо хутка мы ачуняем ад гэтага сну і выйдзем з яго дастойным народам для гэтага свету і Бога”.

Разам з калегамі ў грыбы паехаў і ўчарашні рэжысёр Купалаўскага Раман Падаляка

“Трымаемся разам, будзем разам адзначаць стагоддзе, — кажа ён. — Мы не здаёмся, дапамагаем адно аднаму. Безумоўна, зараз будзе цяжка, але мы паспрабуем змагацца за лёс кожнага. Наша гісторыя не заканчваецца, і дарэмна думаць, што мы разбяжымся”. 

 

Раман Падаляка / Еўрарадыё

Суразмоўца выказвае падзяку ўсім гледачам і неабыякавым людзям, якія падтрымалі і працягваюць падтрымліваць купалаўцаў. 

“Хто агуркамі, хто гарбузом, хто макаронамі, хто кватэрай для пражывання! — прыгадвае Падаляка. —Такой кансалідацыі, канечне, варта было пашукаць. Я на такое нават не спадзяваўся. Калі будуць вядомыя нашы канкрэтныя планы, мы абавязкова збяром усіх, хто заставаўся побач”. 

Акторка Зоя Белахвосцік у грыбы не паехала. Але яна радая, што купалаўцы не губляюць сваіх традыцый.

Зоя Белахвосцік / Еўрарадыё

“Адзначаць як трэба мы будзем, калі пераможам, — кажа яна. — Я ніяк не адзначаю. Проста думаю… прыгадваю тое, што Купалаўскі — гэта дом маёй сям’і з 1926 года. І ўся мая сям’я так ці інакш належыць Купалаўскаму. Нават мая сястра-журналіст заўсёды пісала пра купалаўцаў. Пляменнік-мастак маляваў для тэатра. Усе. У Купалаўскім будынку не толькі цені вітаюць яго былых карыфеяў, тут вырасла некалькі пакаленняў творцаў. Новае пакаленне памнажае і развівае поспехі сваіх папярэднікаў, і жыццё працягваецца, і мы не развітваемся, і спадчына тэатра перадаецца з рук у рукі, ад сэрца да сэрца. 

Я вельмі ганаруся трупай тэатра, сваімі калегамі і ўсіх нас віншую, нягледзячы на абставіны. Мы павінны быць там, дзе мы павінны быць сёння, — і ўсе разам. Разам — гэта самае галоўнае”.  

Нягледзячы на тое што частка актораў засталася працаваць у тэатры, маштабных святкаванняў стагадовага юбілея Купалаўскага не плануецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.