Вы тут

"Падвойнае жыццё Веранікі", "Тры колеры" — у Мінску пакажуць фільмы Кеслёўскага

Кшыштаф Кіслёўскі / Kono.Void.com

Па пятніцах і суботах з 12 сакавіка па 10 красавіка ў сталічным Silver Screen Galileo пакажуць фільмы аднаго з самых вядомых рэжысёраў Польшчы Кшыштафа Кеслёўскага. Паказы адбудуцца ў межах кінапраекту "Уікенды з ...". Прадставіць фільмы і абмяркуе іх з гледачамі вядомы беларускі кіназнаўца Ігар Сукманаў.

Падчас "Уікэндаў" будзе прадэманстравана 9 значных працаў Кеслёўскага, а таксама падборка дакументальнага кіно, якое ад пачатку займала ў фільмаграфіі рэжысёра асаблівае месца.

"Кеслёўскі спачатку здаваўся сацыяльным аўтарам — ён маляваў, як бяздушная ідэалогія сацыялістычных догмаў занявольвае парывы ​​і ідэалы мэтанакіраваных людзей, энтузіястаў і рамантыкаў. Потым ён пераклаў жыццёвыя гісторыі ў сферу маральных пастулатаў, злучыў з хрысціянскімі запаведзямі жыццё шараговых палякаў. Пазней яго маральныя пасланні здабылі "боскае дыханне": Кеслёўскі стаў дэміургам і вяршыцелем лёсаў сваіх герояў, даруючы ім жыццё або смерць у залежнасці ад сілы свайго жадання. Будзённасць саступіла месца таямніцы. Шараговыя падзеі напоўніліся таемнымі знакамі жыцця", — тлумачыць Ігар Сукманаў сутнасць кінематографа Кеслёўскага.

Расклад фільмаў:

12 сакавіка — "Кінааматар"

12 сакавіка — "Без канца"

19 сакавіка — "Кароткі фільм пра забойства";

20 сакавіка — "Кароткі фільм пра каханне";

26 сакавіка — "Выпадак";

27 сакавіка — "Падвойнае жыццё Веранікі";

2 красавіка — "Тры колеры: сіні";

3 красавіка — "Тры колеры: белы";

9 красавіка — "Тры колеры: чырвоны";

10 красавіка — "Гаворачыя  галовы" і іншыя гісторыі".

Усе фільмы дэманструюцца на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі.

Праект "Уікэнды з Кшыштафам Кеслёўскім" арганізуе Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн", выступаючы гідам па якаснаму кіно для тых, хто паспеў засумаваць па пракаце свежых аўтарскіх карцін. Праект арганізаваны ў супрацоўніцтве з Інстытутам Адама Міцкевіча ў межах POLSKA 100 — міжнароднай культурнай праграмы да стагоддзя аднаўлення незалежнасці Польшчы.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.