Падчас урагану ў Нацыянальным аэрапорце Мінск былі пашкоджаны 8 самалётаў (фота)

Падчас урагану 13 ліпеня ў Нацыянальным аэрапорце Мінск былі пашкоджаны 8 самалётаў. Як інфармуе яго прэс-служба, з-за моцных ветру і дажджу 5 самалётаў атрымалі нязначныя пашкоджанні (драпіны і ўвагнутасці ад падзення фрагментаў розных канструкцый), 3 — цяжкія пашкоджанні. Два паветраныя судны (пасажырскае і транспартнае) сутыкнуліся на стаянцы. Яшчэ адзін лёгкаматорны самалёт перакуліўся, ён атрымаў значныя пашкоджанні. У раёне аэрапорта вецер вырываў з зямлі дрэвы, на стаянцы былі пашкоджаныя некалькі аўтамабіляў, рэкламныя канструкцыі. У аэравакзальным комплексе разбітыя некалькі вокнаў, дэфармаванае столевае пакрыццё каля іх. Ніхто з людзей не пацярпеў. У аэрапорце працуе спецыяльная камісія.

Адзначаецца, што Нацыянальны аэрапорт Мінск працягваў працаваць у штатным рэжыме. Самалёты, якія ўчора ў другой палове дня з-за цяжкіх метэаўмоваў прызямляліся на запасных аэрадромах, ужо вярнуліся ў сталіцу.

Хроніка: Усе жахі мінскага ўрагану (фота і відэа)

Фота з сацыяльных сетак.