Пададзеная апеляцыя на прысуд па справе журналістак "Белсата"

Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова / Белсат​
Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова / Белсат​

Адвакаты журналістак тэлеканала "Белсата" Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай падалі апеляцыйную скаргу на прысуд па іх справе.

Нагадаем, 18 лютага суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў Андрэеву і Чульцову, якія вялі стрым з "Плошчы Перамен" 15 лістапада, вінаватымі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК) і прысудзіў да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму.

"Падзеі 15 лістапада 2020 года наогул нельга назваць дзеяннямі, якія груба парушаюць грамадскі парадак", — сцвярджае адвакат Сяргей Зікрацкі. На сваёй старонцы ў Facebook ён сфармуляваў асноўныя аргументы, да якіх апелюе абарона ў сваёй скарзе на прысуд.

"Міжнародна-прававыя нормы гарантуюць грамадзянам права на мірныя сходы. І 15 лістапада грамадзяне рэалізоўвалі гэта сваё права — яны прыйшлі ўшанаваць памяць памерлага за некалькі дзён да гэтага Рамана Бандарэнкі, выказаць смутак і салідарнасць, а таксама запатрабаваць ад дзяржавы прыняцця мер па расследаванні яго смерці", — кажа адвакат.

Людзей было шмат, таму ў нейкі момант яны і выйшлі на праезную частку, але гэта было спантаннае дзеянне. Доказаў, што выхад на дарогу быў кімсьці арганізаваны, у судзе так і не прагучала.

Яшчэ адзін важны момант, на які звяртае ўвагу адвакат: суд так і не ўсталяваў фактаў непадпарадкавання законным патрабаванням прадстаўніка ўлады. Між тым такое непадпарадкаванне з'яўляецца неабходнай умовай для прыцягнення да адказнасці па гэтым артыкуле, нагадвае Зікрацкі.

"У прысудзе напісана, што яно было. Пры гэтым у прысудзе не прыведзена ніводнага доказу такога непадпарадкавання", — кажа ён.

Адвакат таксама звяртае ўвагу на тое, што суд не змог усталяваць першапрычыну спынення грамадскага транспарту, праз што ён спыніўся, праз пратэстоўцаў ці таму, што рух перакрыла міліцыя.

"Нарэшце, нават калі і выказаць здагадку, што ўсё, што адбылося 15 лістапада, з'яўляецца дзеяннямі, якія груба парушаюць грамадскі парадак; нават калі і выказаць здагадку, што мела месца непадпарадкаванне; нават калі і дапусціць, што транспарт не хадзіў менавіта з прычыны ўсяго гэтага — то дзе ж арганізатары? Якімі такімі дзеяннямі Даша і Кацярына, дзейнічаючы па папярэдняй змове, арганізавалі ўсё гэта?" — задаецца пытаннем Сяргей Зікрацкі.

Абарона настойвае на тым, што Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова не здзяйснялі злачынства, яны толькі выконвалі свае прафесійныя абавязкі. Апеляцыйную скаргу будзе разглядаць Мінскі гарадскі суд.

"Мы будзем змагацца да таго часу, пакуль журналісты не будуць на волі!" — адзначыў Зікрацкі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі