Пад абстрэламі Адэса, Запарожжа, Мікалаеў, Днепр — 219-я раніца вайны

Наступствы абстрэла ў Дняпры / @dnipropetrovskaODA
Наступствы абстрэла ў Дняпры / @dnipropetrovskaODA

Расійскія войскі гэтай ноччу абстралялі Адэсу, Запарожжа, Мікалаеве і Днепр. У Запарожжы ракетны ўдар прыйшоўся па ўскраіне абласнога цэнтра, напісаў раніцай кіраўнік абласной адміністрацыі Аляксандр Старух. Паводле папярэдняй інфармацыі, ёсць пацярпелыя. На месцы падзей працуюць адпаведныя службы.

Адэсу і Мікалаеў атакавалі дронамі-камікадзэ. У Мікалаеўскай вобласці ёсць трапленне ў аб'ект інфраструктуры, паведаміў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Цімашэнка. А каля Адэсы сілы СПА збілі над морам адразу 3 беспілотнікі. У небе на той момант яшчэ заставаліся варожыя дроны. Пазней мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч паведаміў, што па горадзе быў яшчэ і ракетны ўдар — адна з ракет трапіла ў дзевяціпавярховы дом, пад завалы апынуліся людзі.  Вядома пра восем параненых. 

Адзін чалавек загінуў і пяцёра параненыя ў выніку начнога абстрэлу Дняпра. Тут расіяне патрапілі ракетамі па жылым квартале ў цэнтры горада, піша кіраўнік Днепрапятроўскай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Акрамя таго, у выніку абстрэлу знішчана транспартнае прадпрыемства — згарэлі 52 аўтобусы, яшчэ 98 пашкоджаныя. Таксама ў горадзе пашкоджаныя некалькі шматпавярховак, гімназія, крамы і адміністрацыйныя будынкі.

Пад абстрэламі Адэса, Запарожжа, Мікалаеў, Днепр — 219-я раніца вайны
Пажар пасля абстрэлу на транспартным прадпрыемстве ў Дняпры / @dnipropetrovskaODA

Амаль цэлая сям'я загінула ў Дняпры і ў ноч на чацвер. Гэтую гісторыю распавёў мэр горада Барыс Філатаў. Загінулі бабуля, мама і двое дзяцей. Ацалеў толькі сабака. Яго і знайшлі на руінах дома ратавальнікі — ён сядзеў і выў. Камунальнікі забралі сабаку, які аглух, аслеп і быў кантужаны, у прытулак. Цяпер сабака знаходзіцца пад наглядам ветэрынараў, распавёў Філатаў. Бацька дзяцей на фронце. 

Пад абстрэламі Адэса, Запарожжа, Мікалаеў, Днепр — 219-я раніца вайны
Сабака на руінах дома, дзе загінулі яго гаспадары / фота Днепрапятроўскай абласной пракуратуры

Сістэмы СПА гэтай ноччу спрацоўвалі і ў расійскім Белгарадзе, а таксама Белгарадскім раёне і Якаўлеўскай гарадской акрузе, паведаміў губернатар рэгіёну Вячаслаў Гладкоў. Разбурэнняў і ахвяраў няма. 

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў указы аб прызнанні Херсонскай і Запарожскай абласцей "незалежнымі тэрыторыямі" пасля правядзення там псеўдарэферэндумаў, пішуць расійскія рэсурсы. Сёння ў Крамлі адбудзецца цырымонія падпісання дагавораў аб "уступленні ў склад Расіі новых тэрыторыяў". А ва Украіне сёння адбудзецца пасяджэнне Савета нацыянальнай бяспекі і абароны. Яго склікаў прэзідэнт  Уладзімір Зяленскі.

"Будуць рашэнні. І мы ведаем, як рэагаваць на любыя расійскія дзеянні", — сказаў ён у вячэрнім звароце. Зяленскі таксама казаў пра тое, што ёсць "новыя вынікі на перадавой" і дадатковая дапамога ад парнэраў. Але дэталяў не раскрыў.

У ранішняй зводцы ўкраінскага Генштаба няма ніякіх навін аб поспехах УСУ ля Лімана. Пра гэта пішуць расійскія рэсурсы. Паводле іх ацэнак, "пад Ліманам абстаноўка вельмі складаная. Праціўнік наносіць асноўны ўдар пад Ямпалем і на Тарское, з мэтай канчаткова перарэзаць трасу Крэменная-Ліман і акружыць нашы войскі". 

У амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны таксама мяркуюць, што "украінскія войскі, імаверна, амаль завяршылі атачэнне расійскай групоўкі ў Лімане і перарэзалі найважнейшыя наземныя лініі сувязі, якія падтрымліваюць расійскія войскі ў раёне Драбышава-Ліман". Расіяне ўчора, паводле аценак амерыканскіх экспертаў,  працягвалі наземныя атакі на іншых напрамках у Данецкай вобласці.

Пад абстрэламі Адэса, Запарожжа, Мікалаеў, Днепр — 219-я раніца вайны
Сітуацыя каля Лімана і карта баёў у Данецкай вобласці/ understandingwar.org

Міністэрства абароны ЗША плануе стварыць камандны цэнтр у Германіі, каб аптымізаваць сістэму навучання і дапамогі для Украіны. Аб гэтым піша New York Times са спасылкай на ваенных і адміністрацыйных чыноўнікаў.  Паводле звестак выдання, гэты камандны цэнтр будзе ўзначальваць высокапастаўлены генерал ЗША. Мяркуецца, што цэнтр будзе размешчаны ў Вісбадэне, у штаб-кватэры арміі ЗША ў Еўропе. Як адзначае NYT, шмат  украінскіх вайскоўцаў вучыліся тут працаваць на сістэмах узбраення ЗША.

Сенат ЗША (верхняя палата парламента) напярэдадні ўзгадніў законапраект аб часовых выдатках, які прадугледжвае 12,4 мільярда долараў новай дапамогі Украіне. Пра гэта распавядае The Washington Post. Гэтыя грошы пойдуць на прамую і ўскосную ваенную дапамогу (у памеры 7,8 млрд долараў) і на падтрыманне эканамічнай стабільнасці (4,5 млрд долараў). Яшчэ 35 млн долараў прадугледжаныя на гарантаванне бяспекі ядзерных матэрыялаў ва Украіне і рэагаванне на магчымыя ядзерныя інцыдэнты. Цяпер дакумент адпраўляюць у Палату прадстаўнікоў, дзе, як чакаецца, за яго будуць галасаваць ужо сёння.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі