Па выніках года інфляцыя ў Беларусі складзе 18% — ЕАБР

У апошнія месяцы інфляцыя ў Беларусі паскорылася / ілюстрацыйнае фота pixabay.com​

На канец 2022 года інфляцыя ў Беларусі захаваецца ў рамках 18%, лічаць эксперты Еўразійскага банка развіцця. Яны лічаць, што ранейшы базавы прагноз застаецца актуальным.

Нагадаем, у ліпені інфляцыя ў РБ паскорылася і склала 18,1% год да года пасля 17,6% г/г у чэрвені. Паскарэнне росту цэнаў, на думку экспертаў, адбылося праз санкцыі (былі парушаныя вытворча-лагістычныя ланцужкі), а таксама праз "недаацэненасць беларускага рубля да расійскага". Фактарам, які трохі тармозіць рост цэнаў, стала плодаагароднінная прадукцыя: цяпер і сезон, і цэны на яе знізіліся.

Акрамя таго, у Беларусі, нагадаем, на шэраг тавараў цэны рэгулююцца адміністрацыйным метадам. Днямі старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын прасіў Аляксандра Лукашэнку трохі павялічыць цэны на малако: "Мы не хочам нажывацца, але па нейкіх пазіцыях павінен быць іншы ўзровень рэнтабельнасці", — казаў ён. Лукашэнка не дазволіў, прапанаваў больш даіць — "тады будзе і вышэйшая рэнтабельнасць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.