Па суседстве з Шаблямі адбудзецца фестываль "Сонцаварот"

21 чэрвеня ва ўрочышчы "Папараць" адбудзецца фестываль "Сонцаварот". Урочышча знаходзіцца на хутары Піта Паўлава побач са знакамітымі Шаблямі.


"Галоўная ідэя адзначыць не ў горадзе паганскае свята Сонцаварот, — распавядае Піт Паўлаў. — Таму што цяпер ужо досыць горача, і сядзець у горадзе непрыемна. І ў гэтым годзе сонцаварот прыпадае на выхадныя. Таму лепей за ўсё проста паехаць за горад, паслухаць добрую музыку, пасмажыць мяса, сала, пасядзець ля вогнішча, перазагрузіць мазгі і проста аб'яднацца. Я вельмі люблю сам такія святы і ўсіх запрашаю".


На сёння ў лайн-апе фэсту заяўленыя N.R.M., капэла "Папараць" (былы Pete-Paff) і лідар "Мутнагавока" Яўген Змушка. Піт кажа, што кожны ахвотны гурт, які грае рок у акустыцы ці фолк можа ўзяць удзел у "Сонцавароце", і падкрэслівае, што гэта аніяк не бард-фэст, наракаючы на ўвагу да фэсту з боку бардаў.


Дабрачынны ўнёсак за ўваход на свята Сонцастаяння — 50 тысяч. Ён пойдзе на ўтрыманне тэрыторыі хутара і праезд музыкаў.

Фота: budzma.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі