"Оскара" ў Беларусі пакуль не будзе — "Возера радасці" не трапіла у шорт-ліст

Кадр з фільма "Возера радасці" / facebook.com/aliaksei.paluyan
Кадр з фільма "Возера радасці" / facebook.com/aliaksei.paluyan

Фільм Аляксея Палуяна "Возера радасці" выбывае з барацьбы за прэмію Амерыканскай кінаакадэміі "Оскар". На сайце прэміі з'явіліся спісы намінантаў, і стужкі Палуяна сярод іх няма.

Пасля перамогі на амерыканскім кінафестывалі LA Shorts стужка Палуяна была аўтаматычна кваліфікаваная на "Оскар" у намінацыі "Лепшы кароткаметражны фільм". Усяго ў доўгім спісе намінантаў былі 114 кароткаметражак. У шорт-ліст трапілі толькі 10.

Карціна "Возера радасці" знятая па рамане Віктара Марціновіча. У 2019 годзе стужка ўдзельнічала ў конкурснай праграме кінафестывалю "Лістапад" у Мінску.  Пасля завяршэння фестывалю Аляксей Палуян у эфіры Еўрарадыё распавядаў пра сваю працу і пра тое, наколькі для яго важна, каб карціна была адзначана на радзіме.

Акрамя Палуяна, сёлета пазмагацца за статуэтку "Оскар" планавала здымачная група карціны "Урокі фарсі". Фільм заяўлялі як беларускі, хоць ён быў зняты на расійскія і нямецкія грошы амерыканскім рэжысёрам украінскага паходжання з аргентынскімі, нямецкімі і расійскімі акторамі. Здымкі сапраўды праходзілі ў Беларусі пры ўдзеле "Беларусьфільма".

Аднак згодна з патрабаваннямі прэміі, асноўны творчы ўклад у фільм павінны ўнесці жыхары краіны, ад якой ён намінаваны. Таму "Урокі фарсі" дыскваліфікавалі, карціна не трапіла нават у доўгі спіс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі