Вы тут

"Няскончаная рэвалюцыя". Беларус у Германіі прысвяціў канцэрт Калеснікавай

У замку пад Штутгартам далі канцэрт у гонар Марыі Калеснікавай / Еўрарадыё

Беларускі дырыжор Віталь Алексяёнак, капельмайстар оперы ў нямецкім Дзюсельдорфе, прысвяціў музычны вечар Марыі Калеснікавай. Назва вечара — "Няскончаная рэвалюцыя", піша выданне Frankfurter Algemeine.

Месца дзеяння — Людвігсбургскі замак недалёка ад горада Штутгарт, дзе Калеснікава пражыла 12 гадоў. Сам Алексяёнак у 2020 годзе прыязджаў у Мінск і ўдзельнічаў у беларускіх пратэстах.

У рамках вечара музыка Гільерма Гансалес выканаў твор "Паветра" японскага кампазітара Тору Такеміцу. Ён граў гэтую кампазіцыю на флейце Калеснікавай, якая засталася ў Германіі пасля яе ад'езду.

Віталь Алексяёнак / афіцыйны сайт дырыжора

Галоўны нумар вечара — прэм'ера трыпціха "Гісторыя сучаснасці", якую для Алексяёнка напісалі тры беларускія кампазітары. Дырыжор падкрэслівае значнасць таго, што ў гэтых твораў некалькі аўтараў. Ён праводзіць паралель з беларускімі пратэстамі, якія падтрымалі розныя людзі.

Музыку для першай, захопленай, часткі трыпціха напісаў беларус Канстанцін Яськоў, што эміграваў у Польшчу. У кампазіцыі былі выкарыстаныя вершы беларускай паэткі Вальжыны Морт.

Другая частка — трывожная. Яе аўтар захоўвае ананімнасць, бо застаецца жыць у Беларусі. А фінал напісала кампазітарка Вольга Падгайская, якая пераехала з Мінска ў Польшчу. У гэтай частцы гучыць тэкст, напісаны беларускім пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам. Вечар завяршыўся "Няскончанай сімфоніяй" Франца Шуберта.

Флейта / pixabay

У межах вечара Алексяёнак зачытаў урыўкі з лістоў Калеснікавай. Ва ўрыўках, якія зачытваліся са сцэны, Калеснікава расказвае, што ёй не хапае паветра і музыкі. А яшчэ — што мастацтва і асабліва музыка, якую яна носіць унутры, натхняе яе і робіць мацнейшай.

Напісаць Калеснікавай

Каардынатарка штаба Віктара Бабарыкі на выбарах 2020 года Марыя Калеснікава 6 верасня 2021-га была асуджаная ў Беларусі на 11 гадоў пазбаўлення волі. Яе прызналі вінаватай у "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады", "закліках да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны", "стварэнні экстрэмісцкага фарміравання". Сваёй віны Калеснікава не прызнала.

Напісаць Марыі можна па адрасе: Калеснікавай Марыі Аляксандраўне, ПК №4 (папраўчая калонія). 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.