Вы тут

Нямецкія навукоўцы наблізіліся да стварэння лекаў ад COVID-19

Флакон з вакцынай супраць каранавіруснай інфекцыі / Reuters

Нямецкія навукоўцы выявілі ў арганізме чалавека фермент, без якога актыўнасць каранавіруса новага тыпу рэзка зніжаецца — без яго вірус практычна не можа размнажацца, перадае нямецкі тэлеканал n-tv.

Гэта адкрыццё можа дапамагчы ў распрацоўцы дзейсных прэпаратаў ад COVID-19.

Навукоўцы Цюбінгенскага ўніверсітэта стварылі камп'ютарную мадэль распаўсюджвання каранавіруса ў лёгкіх чалавека. Пры пранікненні ў клетку каранавірус прымушае яе выпрацоўваць пэўныя рэчывы, неабходныя яму для размнажэння ў арганізме. Дык вось навукоўцы высветлілі, што асаблівае значэнне пры гэтым для каранавіруса мае фермент з назвай гуанілаткіназа 1, або GK1. Падчас даследаванняў яны на час прыбралі з арганізма гэты фермент — і вірус не змог размнажацца.

На думку навукоўцаў, гэтае адкрыццё дапаможа ў стварэнні лекаў для пацыентаў з COVID-19.  Пры гэтым адзначаецца, што на рынку такія прэпараты могуць з'явіцца не раней за канец года.

У Беларусі па-ранейшаму захоўваецца вялікі штосутачны прырост інфікаваных. Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя на 10 студзеня, за суткі былі выяўленыя 1833 пацыенты з COVID-19.  Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі быў зарэгістраваны 212 201 пацыент са станоўчым тэстам на каранавірусную інфекцыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.