“Няма палітычнай волі”. Павел Усаў пра рашэнне беларускага пытання ў ЕС

“Няма палітычнай волі”. Павел Усаў пра рашэнне беларускага пытання ў ЕС

21 чэрвеня ў Бруселі прайшла міжнародная канферэнцыя Каліноўскага. Яе зладзіў Еўрапейскі парламент і Офіс Святланы Ціханоўскай. На ёй абмяркоўвалі крокі па вызваленні палітвязняў, дапамогу беларусам, медыя, ініцыятывам і бізнесам, а таксама магчымыя сцэнары развіцця падзеяў.

Кіраўнік варшаўскага Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозу, доктар палітычных навук Павел Усаў лічыць, што падобныя мерапрыемствы ніяк не паўплываюць на канкрэтныя ключавыя рашэнні Еўрасаюза. А грошы, на якія іх ладзяць, лепш было б выдаткаваць на больш важныя патрэбы. Напрыклад, дапамагчы ўкраінскаму войску ці ўцекачам. 

— На сёння няма палітычнай волі, каб вырашыць пытанне будучыні Беларусі. Пра што мы кажам? Няма палітычнай волі стасоўна Украіны. Ідзе вайна. На сённяшні момант гэта самая важная і сур’ёзная тэма. 

Не трэба ніякіх канферэнцый, патрэбна канкрэтная палітычная воля і канкрэтныя палітычныя дзеянні, якія звязаныя з імгненнай пастаўкай зброі ва Украіну. Цяжкой зброі, ракет, танкаў. Гэта зроблена? Не зроблена. 

Патрэбна моцна кансалідаваная пазіцыя па Расіі: санкцыі на энерганосьбіты, блакада, санкцыі ў дачыненні да чыноўнікаў ад РПЦ да КДБ. Гэта зроблена? Не. 

Бо няма кансалідаванай пазіцыі. Нейкая малая Венгрыя сабатуе і блакуе ўсе рэчы, якія павінны былі б ужо спыніць вайну, — тлумачыць сваю пазіцыю эксперт. — Пра якую Беларусь мы кажам? Пра якія з невядома якой перспектывы інтэграцыі Беларусі? 

Калі не вырашаюцца экзістэнцыйныя пытанні той жа самай Беларусі, вытрыванні ва ўмовах расійскай акупацыі, вайны. І калі не вырашаецца пытанне па сутнасці існавання агульнай еўрапейскай цывілізацыі, калі Расія пераможа ў вайне ва Украіне ці замарозіць конфлікт у такім стане, калі гэта будзе знясільваць саму Украіну і падрываць сістэму бяспекі ў Еўропе. 

Павел Усаў мяркуе, што ў еўрапейскай палітыцы, асабліва апошніх гадоў, “рыал палітыка” пераважала над палітыкай маральнага, прынцыповага падыходу. 

— І найгоршае з гэтага ўсяго, што Пуціну працягваюць тэлефанаваць, з Пуціным працягваюць сустракацца. Зноў нейкія спробы ціску на Украіну, на Зяленскага з тым, каб з Пуціным дамаўляцца. Гэта, на мой погляд, увогуле злачынная палітыка. 

Мільёны людзей ужо заплацілі за гэтую злачынную, кампрамісную палітыку дамаўлянння з дыктатарам. Калі б Еўрасаюз будаваў сваю палітыку на той аснове, на якой ён быў збудаваны, но ні Пуціна, ні Лукашэнкі ўжо б даўно не было

Эксперт таксама выказаўся пра магчымасць удару з боку Расіі па “Сувалкскім калідоры”. Нагадаем, што некалькі дзён таму Літва абвясціла аб спыненні транзіту ў Калінінградскую вобласць тавараў, на якія распаўсюджваюцца антырасійскія санкцыі Еўрасаюза.

— Што будзе рабіць NATO, у выпадку калі насамрэч адбудзецца імаверны, магчымы ўдар па Польшчы і Літве, прабіццё "Сувалкскага калідору” ў Калінінград? Я  пра нешта такое не чытаў і не сустракаў у публічнай прасторы. 

Гэта прывядзе да ўцягвання ўсяго NATO імгненна да вайсковых деянняў. А не будуць зноў нейкія кансультацыі, не будуць думаць, як адказаць і чым адказаць у выпадку гэтай агрэсіі. Праціўнік павінен загадзя ведаць, якія будуць адказы NATO ў выніку такой агрэсіі. 

Напрыклад, будзе тады ўдар непасрэдна па Калінінградзе, будзе ўдар непасрэдна па Беларусі  —  Гродна, Брэсце. Лагічна, калі вайна пачалася, трэба прасоўваць свае войскі ў накірунку Мінску. 

Але  не бачу велізарнай канцэнтрацыі войск NATO на межах з ворагам. У Польшчы і Літве, калі я не памыляюся, агулам налічваецца каля 10 тысяч вайскоўцаў NATO. Гэта, на маю думку, не вельмі шмат. Бо беларускае войска налічвае 45 тысячаў. 

А каля мяжы з Эстоніяй, Латвіяй і Літвой размешчаны вайсковы расійскі кантынгент ад 100 тысяч чалавек. Плюс яшчэ даволі вялікая вайсковая групоўка ў Калінінградзе. Гэта вельмі моцна змілітарызаваны з боку Беларусі і Расіі рэгіён, вельмі небяспечны. Але нейкіх контрвайсковых дзеннў з боку таго ж NATO мы пакуль не назіраем

Павел Усаў кажа, што ёсць супольнае патруляванне межаў Еўрасаюза і краінаў NATO, у Балтыйскім моры ёсць засяроджанне адзінак флоту NATO. Але моцнай канцынтрацыі войскаў, якая б служыла ў пэўным сэнсе рэалізацыяй ці паказчыкам гатовасці дзейнічаць вельмі хутка і вельмі радыкальна, на яго думку, няма. 

— Бо ўсе баяцца, што сутыкненне двух такіх моцных груповак прывядзе да ядзернай вайны. Таму гэта з’яўляецца такім псіхалагічным бар’ерам стрымання, што Расія не пачне вайну, бо адказам будзе нансенне ядзернага ўдару па Беларусі ці Расіі. 

Але я не ўпэўнены, што такі ядзерны ўдар будзе нанесены па Беларусі ці Расіі. Бо нанясенне ядзернага ўдару па Беларусі, па Мінску — гэта лагічна, нават калі не перарасце ў поўнамасштабную ядзерную вайну, азначае 2,5 мільёны забітых людзей.  

Акрамя таго, куды гэта радыяцыя пойдзе? У Вільню. Бо там 200 кіламетраў ад Мінску. Будзе забруджванне тэрыторыі Польшчы, Украіны. Гэта самагубства. Не ўпэўнены, што хтосьці на сёння можа разлічваць на такія крокі. 

А гэта ў сваю чаргу псіхалагічна гуляе на баку расійцаў. Бо яны могуць быць упэўненымі, што калі Захад не схіліцца да нанясення ядзернага ўдару па Беларусі ці па Расіі, значыцца можна атакаваць хаця б псіхіалагічна, на ўзроўні гібрыдных войнаў, яго слабыя кропкі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі