"Няма падстаў для выезду з Беларусі": чаму "Белавія" зняла айцішніка з самалёта

Самалёт "Белавія" / Еўрарадыё
Самалёт "Белавія" / Еўрарадыё

1 траўня з рэйса "Белавія" Мінск — Варшава знялі айцішніка. Яго не пусцілі ў самалёт, матывуючы гэта тым, што ў яго "няма падстаў для выезду з Беларусі".

Падрабязнасцяў не было. Згадвалася, што чалавека не пусцілі на рэйс нібыта праз нейкае ўнутранае распараджэнне "Белавія". Крыху пазней сталі з'яўляцца данныя, што гэта не адзіны выпадак і з гэтай жа прычыны ў апошні час з краіны не змаглі вылецець шэсць чалавек.
 

Сутнасць справы

Еўрарадыё паспрабавала звязацца з айцішнікам, які не змог пакінуць Беларусь. Сам ён адмовіўся размаўляць з журналістамі, таму што "гэта небяспечна".

Знаёмыя праграміста звязваюць сітуацыю з ягонай жонкай: маўляў, раней яна пераехала ў Польшчу, а ў Беларусі на яе заведзена крымінальная справа. Сам айцішнік — грамадзянін Расіі, але мае беларускі від на жыхарства.

Таксама ў яго ёсць польская віза з паметкай РВН. Але гэтага аказалася недастаткова, каб перасекчы беларускую мяжу. Вядома, што супрацоўнікі "Белавія" запатрабавалі ў расіяніна або працоўны кантракт з польскім працадаўцам, або запрашэнне на працу ад польскага боку. Хоць віза PBH азначае, што ў Польшчу можна ўязджаць без працоўнай дамовы на руках: людзі з такой візай могуць шукаць працу ўжо на месцы.

У аэрапорце мужчыну выдалі дакумент аб тым, што ў яго "няма падстаў для выезду з Беларусі".
 

Што кажа "Белавія"

У "Белавія" пракаментавалі гэту сітуацыю так:

— На мінулым тыдні былі выпадкі нядопуску на рэйс у Варшаву замежнікаў (у прыватнасці, расіян) з бізнес-візай, якія не мелі на руках кантракта на працу ў Польшчы. Наяўнасць кантракта для замежных грамадзян, якія накіроўваюцца па бізнес-візе ў Польшчу, — абавязковае патрабаванне польскага боку.
 

Што кажуць беларускія памежнікі

Паводле інфармацыі памежнікаў, умовы выезду з Беларусі праз паветраныя пункты пропуску не мяняліся і патрабавання кагосьці не выпускаць у іх няма. "Праз паветраныя пункты пропуску для грамадзян Беларусі і замежнікаў выезд не абмежаваны, але магчымы не раней заканчэння 10-дзённага тэрміну самаізаляцыі".
 

Што кажуць палякі

Мы звярнуліся па каментар у польскую амбасаду, дзе нам пацвердзілі, што "дамова абавязковая для расіян, хоць для беларусаў уезд у Польшчу свабодны".

— Але чаму гэтыя дакументы правярае "Белавія"?

— Авіялініі правяраюць дакументы, каб потым не адвозіць пасажыраў назад за свой кошт, калі ім адмовяць ва ўездзе. Але канчатковае рашэнне аб уездзе ў Польшчу прымаюць выключна польскія памежнікі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі