Вы тут

Няма Кулінковіча, няма Паскуды: што чакае Neuro Dubel без вакалістаў

Развітанне з Юрыем Навумавым / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё​

Праз два гады пасля смерці Аляксандра Кулінковіча гурт Neuro Dubel губляе свайго другога вакаліста. 9 дзён таму, 14 верасня, не стала Юрыя Навумава, вядомага ў народзе па мянушцы Паскуда. З "Дзюбелямі" ён выступаў з 1991 года.

"Дзядзькі Саша і Юра, упэўненыя, сыграюць там хутка канцэрт з найлепшымі песнямі ў падтрымку ўсіх нас тут. Спі спакойна, Юра, найдабрэйшы чалавек", — адрэагавалі музыкі калектыву на старонцы суполкі "УКантакце". Цяпер перад імі стаіць няпросты выбар: захаваць групу або разысціся назаўжды. 

Музыкі Neuro Dubel падчас развітання з Юрыем Навумавым

Еўрарадыё пагутарыла з удзельнікамі Neuro Dubel.

“Будзем мы працягваць ці не? Ну, вядома, хацелася б, — не губляе надзею басіст Яўген Броўка. — Як столькі гадоў гэтым займацца і ўзяць усё кінуць? Не вельмі хочацца. У якім фармаце гэта будзе адбывацца і ці будзе наогул, думаю, мы абмяркуем пазней. Таму што зараз прымаць нейкае рашэнне бессэнсоўна. Трэба памацнець духам, падумаць, прааналізаваць і вырашыць".

Яўген Броўка

 "У нас быў творчы перапынак, але распадацца мы не думалі", — працягвае басіст. Па яго словах, нядаўна групе прапанавалі адыграць серыю канцэртаў у падтрымку людзей, якія пацярпелі ў поствыбарчы перыяд. Музыка сумняваецца, ці атрымаецца прыняць прапанову пасля таго, як Юры не стала.

 Разам з Навумавым Броўка граў у яшчэ адным музычным калектыве — "ВелосипедистоВ". У апошні час група рыхтавала альбом на вершы Аляксандра Кулінковіча. Шэсць трэкаў амаль гатовыя. Музыка верыць, што гэты праект атрымаецца скончыць уласнымі сіламі.

 Сваімі думкамі дзеліцца і гітарыст "Дзюбеляў" Віталь Абрамовіч:

 "Смерць Юры, канечне, стала шокам, хоць ён і вёў такі своеасаблівы лад жыцця. Кананічны панк, рок-н-рольшчык... Але ўсё адно гэта вельмі нечакана.

Виталь Абрамовіч

Далейшыя творчыя планы... Я нават не ведаю, трэба гэта ўсё асэнсаваць. Пакуль у галаве бязладдзе. Ужо пасля сыходу Сашы мы перайшлі ў больш пасіўную форму існавання. Зараз яшчэ Юра сышоў, па сутнасці — поўнае абезгалоўліванне. Хутчэй за ўсё, нейкія мерапрыемствы, прысвечаныя Юру, мы будзем планаваць. Як што атрымаецца, пакуль не магу сказаць, занадта мала часу прайшло".

Віталь распавядае, што, хоць музыкі граюць і ў іншых праектах, Neuro Dubel — гэта сям'я, "для кагосьці нават больш, чым свая кроўная, для кагосьці — крыху менш".

 Гітарыст Уладзімір Сахончык таксама спадзяецца, што групе ўдасца сабрацца:

 "Зробім канцэрт памяці Юркі, успомнім Сашу. Я пагаварыў з хлопцамі, усе згодныя падтрымаць гэтую ідэю.

Уладзімір Сахончык

Думаю, будзе нейкі клуб. Як дамовімся па памяшканні, калі дадуць магчымасць, зробім канцэрт памяці ў бліжэйшы час. Працягваць творчасць пакуль не бачу мэтазгоднай. А ўспамінаць мы, вядома, будзем рэгулярна".

8 верасня вакаліст гурта Neuro Dubel Юрый Навумаў быў шпіталізаваны з падазрэннем на інсульт: правая палова цела апынулася паралізаванай. Паводле слоў урачоў, параліч узнік у выніку чэрапна-мазгавой траўмы.

Амаль тыдзень Юра змагаўся за сваё жыццё, але 14 верасня яго не стала. Лідара NEURO DUBEL Аляксандра Кулінковіча музыка перажыў на два гады.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.