Нядаўні чэмпіён стаў клубам для пачаткоўцаў: што здарылася з футболам у Беларусі

Фота мае ілюстрацыйны характар / Click and Boo
Фота мае ілюстрацыйны характар / Click and Boo

Пасля Новага года на аматараў футбола абрынулася некалькі сумных навін. Брэсцкае "Дынама" стала дзяржаўным, клуб "Смалявічы" спыняе існаванне, "Гарадзею" пакінуў увесь трэнерскі штаб. У дадатак да ўсяго ўлады выключылі футбол з пераліку прыярытэтных відаў спорту на 2021 год.

Што ж адбываецца з футболам у Беларусі? Няўжо для гэтага віду спорту наступілі цёмныя часы?

"Дынама-Брэст" стала цалкам дзяржаўным клубам

Недавний чемпион стал командой для новичков: что случилось с футболом в Беларуси
Гульцы ФК "Дынама-Брэст" азадачаныя / фота: vk.com/dynamobrest

З 12 студзеня брэсцкае "Дынама" афіцыйна сышло на баланс дзяржавы. Начальнік упраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Глушэня ў каментары "Спутнику" заявіў, што ідэя заключаецца ў тым, каб выбудаваць адзіную сістэму падрыхтоўкі футбалістаў Брэсцкай вобласці

Таксама стала вядома, што Аляксандр Зайцаў — адзін з ідэйных натхняльнікаў каманды і галоўны інвестар — пакінуў клуб. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ён пераключыцца на яшчэ адну каманду найвышэйшай лігі — брэсцкі "Рух".

Журналіст "Прессбола" Мікалай Іваноў у сваім тэлеграм-канале расказаў пра планы ўладаў на "Дынама-Брэст":

"Улады хочуць зрабіць так, каб на "Дынама" працавалі ўсе дзіцячыя школы вобласці. І каб галоўная каманда складалася з маладых футбалістаў. Руліць "Дынама" працягне Сяргей Кавальчук, якому, магчыма, і давераць так званую селекцыю. Ключавы кірунак у гэтай сферы — арэнда гульцоў. "Дынама" мае намер працаўладкаваць моладзь з "Руху", якую адсее Альшэўскі. Такі від партнёрства "Руху" выгадны: гульцы пад наглядам у "сваім" горадзе. Ні пра якую клубную канкурэнцыю гаворкі не ідзе — па расстаноўцы сіл у горадзе над Бугам відавочны дысбаланс".

"Смалявічы" — усё?

Недавний чемпион стал командой для новичков: что случилось с футболом в Беларуси
Гулец ФК "Смалявічы" пакутуе / фота: vk.com/fc__smolevichi

13 студзеня "Прессбол" паведаміў, што ФК "Смалявічы" спыняе сваё існаванне. Лёс клуба, які ў мінулым сезоне заняў апошняе месца ў чэмпіянаце, нібыта вырашылі на сустрэчы кіраўнікоў клуба і раёна.

Паводле інфармацыі выдання, кіраўнік Смалявіцкага райвыканкама Андрэй Ратамскі паведаміў дырэктару "Смалявічаў" Аляксандру Шлыкаву, што каманда ў наступным сезоне дакладна не выступіць у першай лізе — у лепшым выпадку яна згуляе ў другой — аматарскай — лізе. Усе футбалісты, трэнеры і персанал "Смалявічаў" атрымалі працоўныя кніжкі яшчэ ў снежні.

Прэс-сакратарка клуба Наталля Тышкоўская паведаміла Еўрарадыё, што лёс клуба яшчэ не вырашаны.  

"Чакаем рашэння райвыканкама — яны наш заснавальнік. Але пакуль мы працуем, ніхто не закрыты. Я на працы, Бухгалтэрыя на працы.

Што да працоўных... Мы кожны год — у канцы — звальняем людзей, а потым — у пачатку — прымаем назад на працу. Гэта не першы раз — так заўсёды было". 

Намеснік старшыні Смалявіцкага райвыканкама Ігар Кузняцоў, які курыруе пытанні спорту ў раёне, перад тым, як кінуць трубку, паспеў расказаць Еўрарадыё наступнае:

"Клуб жыў, жыве і будзе працаваць. У нас усё нармальна, у нас усё добра. А хто там што піша [пра закрыццё клуба. — Еўрарадыё], будзем высвятляць. Больш вам каментаваць нічога не буду".

"Гарадзею" пакінуў увесь трэнерскі штаб

Недавний чемпион стал командой для новичков: что случилось с футболом в Беларуси
Гулец ФК "Гарадзея" здзіўляецца / фота: vk.com/gorodeyafc

У "Гарадзеі" — яшчэ адным футбольным клубе з Мінскай вобласці, — як і ў "Дынама-Брэст", праходзіць працэс перадачы на баланс райвыканкама. Але, як расказала МЛЫН.BY прэс-сакратарка Вольга Марчанка, каманда працягне сваё існаванне. Аднак будучыня клуба туманная: яго пакінуў увесь трэнерскі штаб на чале з Алегам Радушкам.

Акрамя яго, сышоў старшы трэнер Ігар Гарэлаў, трэнер па варатарах Сяргей Шалай, настаўнік па метадычнай рабоце Аляксей Халецкі, трэнеры-масажысты Аляксандр Мароз і Уладзімір Налецкі пакінулі клуб. Раней развітаўся з "Гарадзеяй" і начальнік Валерый Цюніс.

Галоўная праблема: футбол на 95% фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту

Недавний чемпион стал командой для новичков: что случилось с футболом в Беларуси

Футбольны агент Валерый Ісаеў усе агучаныя праблемы ў клубаў тлумачыць проста: скарачэнне спонсарскай дапамогі пры нізкіх выніках:

"У чэмпіянатах Усходняй Еўропы, былога СССР лёс камандаў ніжняй турнірнай табліцы прадказальны. Асабліва ў такіх краінах, як наша. З тымі ж "Смалявічамі" ўсё было зразумела нават не сёлета. Мы сёння не можам з упэўненасцю сказаць, колькі камандаў будуць стартаваць у чэмпіянаце Беларусі". 

Перад праблемамі ў беларускім футболе ўсе клуба роўныя, кажа Ісаеў:

"Фінансаванне нашага футбола на 95 адсоткаў — наўпрост з дзяржаўнага бюджэту. Гэта асноўная прычына таго, што адбываецца, асноўная прычына нестабільнасці камандаў, прычым камандаў не абавязкова такога ўзроўню, як "Смалявічы". У нас пастаянна ліхаманяць каманды, нават упэўненыя ў фінансавым плане, — з абласных цэнтраў. Раней — яшчэ з часоў развалу СССР — абласныя каманды ўпэўнена стаялі на нагах і былі асноўнымі клубамі нашай краіны, а летась Гомель і Магілёў былі ў найніжэйшых лігах.

Тое, што адбылося з Брэстам, то гэта ўсё было зразумела яшчэ летась. Не трэба мець нейкіх інсайдаў, дастаткова проста сачыць за чэмпіянатам. Было зразумела, што ў тым выглядзе, у якім клуб быў апошнія тры гады — чэмпіён Беларусі, уладальнік Кубка Беларусі, — гэта быў для іх апошні сезон".

Якая будучыня ў беларускага футбола?

"У нашым чэмпіянаце ў наступным годзе дакладна не будзе ярка выяўленага лідара. Ён быў у нас многія гады — БАТЭ. Зразумела, што БАТЭ не будзе той камандай, якой яна была пры Анатолю Капскім. Ва ўсіх камандаў будуць прыблізна аднолькавыя шанцы.

Самыя вялікія — у тых, дзе будуць працаваць таленавітыя трэнеры: трапіць у тройку, выйграць чэмпіянат. Патэнцыял трэнера будзе вызначаць. У нас ёсць прыклад выніку нават у "жабрацкіх камандаў". Вось возьмем "Энергетык-БДУ" з нулявым патэнцыялам гульцоў на старце: гуляюць 60-70 адсоткаў футбалістаў, якія нікому не патрэбныя (пасля траўмаў і гэтак далей). Аднак у мінулым чэмпіянаце яны ішлі ў лідарах!" — тлумачыць Ісаеў.

Непрыярытэтны футбол

У дадатак да ўсяго футбол (і чамусьці шахматы) выключаныя з пераліку прыярытэтных відаў спорту на 2021 год. Яшчэ ў лютым 2020-га міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук на сустрэчы з прадстаўнікамі зборнай Беларусі па футболе і клубаў чэмпіянату заявіў пра тое, што ў выпадку нявыхаду зборнай Беларусі на Еўра-2020 футбол будзе выключаны з гэтага пераліку. І вось вынік.

Паводле інфармацыі партала football.by, гэта значыць, што аб'ём фінансавых сродкаў, якія выдзяляюцца для забеспячэння падрыхтоўкі і ўдзелу беларускіх спартсменаў у міжнародных спартыўных мерапрыемствах, будзе скарочаны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі