Нечакана багаты год. Што адбывалася каля культуры ў Беларусі

Нечакана багаты год. Што адбывалася каля культуры ў Беларусі

Сёлета беларусы падняліся і нястрымнай плынню рушылі асвойваць музейныя і выставачныя прасторы. Колькасць наведвальнікаў "Арт-Мінска" перасягнула ўсе чаканні арганізатараў, а рэгіянальныя музеі даведаліся, што такое ўнутраны турызм.

Еўрарадыё папрасіла экспертаў Аляксея Ластоўскага і Мікіту Моніча расказаць, чым жылі музеі сёлета і якія выставы мы маглі, але не павінны былі прапусціць.

 

Аляксей Ластоўскі: шанец ад пандэміі і згортванне міжнародных кантактаў

Праз чарговыя хвалі каранавіруса і новыя кавідныя абмежаванні ў музеяў сёлета з’яўляліся ўсё новыя і новыя праблемы. На шчасце, у адрозненне ад еўрапейскіх краінаў ім не давялося зусім закрыцца. Але ж на магчымасці міжнародных абменаў гэтая сітуацыя адбіваецца.

Да яе дадаюцца санкцыі, і ў выніку арганізацыя выставаў з прыцягненнем калекцый з іншых краін становіцца справай вельмі нялёгкай. Ці не адзіны магчымы вектар для міжнароднай супрацы — Расія.

Нечакана багаты год. Што адбывалася каля культуры ў Беларусі

— Усё гэта прывяло да згортвання музейных праектаў, якія маглі быць зладжаны ў супрацы з Польшчай, Літвою. Яшчэ ў мінулым годзе Нацыянальным мастацкім музеем рыхтавалася выстава да 150-годдзя з дня нараджэння мастака Фердынанда Рушчыца — без далучэння замежных музейных калекцый гэта выглядала вельмі сумна.

Аляксей Ластоўскі

Мы папрасілі спадара Ластоўскага расказаць, якія музейныя экспазіцыі гэтага года нельга было прапусціць. Бярыце алоўкі і мапу Беларусі — ёсць ідэі не толькі для мінчукоў.
 

"Было б добра, каб усе цягнуліся за Нацыянальным мастацкім"

Музейнай падзеяй года нумар адзін Аляксей Ластоўскі называе адкрыццё новага будынка для выставаў Нацыянальнага мастацкага музея. Ужо ў снежні першыя наведвальнікі змаглі пазнаёміцца з выставачнымі праектамі, якія адкрыліся ў новых прасторах.

— Сярод асаблівасцяў гэтых пляцовак я б адзначыў прадуманую інфраструктуру, добрае асвятленне музейных экспанатаў — а гэта важная рэч, досыць часта ў нашых музеях на гэтым эканомяць. Мастацкі ж музей паказвае добры прагрэс і ўводзіць тэхнічныя стандарты міжнароднага кшталту.

І агулам адкрыццё новай выставачнай прасторы дазваляе разгрузіць стары будынак, дзе часта паўставала праблема з недахопам месца для часовых выставачных праектаў.

Аляксей Ластоўскі пра новыя памяшканні Нацыянальнага мастацкага музея

Да таго ж Мастацкі музей арганізаваў некалькі вельмі ўдалых праектаў. Сярод іх адзін міжнародны, ён быў прысвечаны мастакам "Бубновага валета".

Яшчэ адзін важны праект музея — экспазіцыя, прысвечаная стагоддзю Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча. Куратар выставы Зміцер Моніч рабіў вялізную працу, каб сабраць разам у адзін выставачны праект калекцыі музея, якія прывезлі ў Беларусь і раскідалі па розных музеях. І гэта вельмі важны крок па вывучэнні спадчыны гэтага найважнейшага музея ў беларускай гісторыі, кажа суразмоўца Еўрарадыё.

— Спадзяёмся, што праект атрымае працяг і такім жа чынам будуць вывучаныя калекцыі гэтага музея, якія засталіся ў Вільні.

Калі б сёлета была магчымая нармальная міжнародная супраца, можна было б прывезці ў Мінск і тыя калекцыі, бо фактычна музей Луцкевіча быў падзелены на дзве часткі. Цяпер жа польскія і літоўскія музеі ўжо адмаўляюцца ад розных формаў супрацы з Беларуссю.

Выстава да стагоддзя заснавання Віленскага беларускага музея

Яшчэ два важныя праекты Мастацкага былі рэалізаваныя куратарам Змітром Салодкім. Гэта экспазіцыя, прысвечаная вобразу Хрыста ў беларускім сакральным мастацтве. 

— Мастацкі музей у гэтым годзе дэманстраваў высокія стандарты працы з наведвальнікамі. Групавыя экскурсіі, куратарскія лекцыі вельмі спрыялі азнаямленню з іх фондамі, было б добра, калі б і іншыя беларускія музеі падцягваліся за Нацыянальным мастацкім музеем.

 

Нацыянальны гістарычны музей не дачакаўся пераезду

Зусім адрозная сітуацыя ў іншым музейным гіганце — Нацыянальным гістарычным. Год быў цяжкі, да таго ж, кажа Ластоўскі, ідэя ўзвядзення новага будынку фактычна "пакладзена пад сукно".

— Гэта трагічная сітуацыя для галоўнага беларускага музея, будынак якога зусім не адпавядае яго актуальным патрэбам. Няма адмысловага памяшкання для ўтрымання фондаў, катастрафічна не хапае прасторы для разгортвання экспазіцый, тым больш для арганізацыі часовых выставаў. І гэта выстаўляе на першы план патрэбу рэарганізацыі прасторы.

Да таго ж дадаюцца кадравыя пературбацыі. Сышоў з пасады дырэктара Павел Сапоцька, які быў досыць добрым адміністратарам, ідуць звальненні. Усё гэта прывяло да таго, што нейкіх вялікіх праектаў музей не здолеў зрабіць.

Але ж Ластоўскі адзначае адукацыйны выставачны праект па гісторыі і культуры беларусаў. Але ж гэтага мала — асабліва ў параўнанні з актыўнасцю Мастацкага музея.

 

Калі не ў Мір і Несвіж — куды?

Цяжка даўся гэты год Мірскаму замку і Нясвіжскаму палацу — у былых турыстычных цэнтрах амаль не з’явілася нічога новага.

Нечакана багаты год. Што адбывалася каля культуры ў Беларусі
Нясвіжскі палац / hectorlo / flickr

— Але ж адкрываюцца новыя музеі, новыя пляцоўкі. Я б тут адзначыў гродзенскі Стары замак, дзе была праведзена рэстаўрацыя. Яна атрымлівала розныя заўвагі ад спецыялістаў, але атрымаўся прывабны для наведвальнікаў праект.

Ужо адкрыта магчымасць азнаёміцца з гісторыяй замка розных часоў, асаблівая ўвага надаецца эпосе Стафана Баторыя. З аднаго боку, мы маем добра экспанаваныя гістарычныя артэфакты, з іншага — мультымедыйныя тэхналогіі. Я быў там літаральна днямі і магу сказаць: гэта карыстаецца попытам. Я б даў пазітыўную ацэнку гэтаму праекту.

Нечакана багаты год. Што адбывалася каля культуры ў Беларусі
Стары замак у Гродне / Аляксей Ластоўскі

Ластоўскі расказвае, што падобная сітуацыя цяпер складваецца і ў Гальшанскім замку. Для наведвальнікаў ужо адкрылася частка экспазіцыі, але рэстаўрацыя працягваецца.

З новых музеяў за межамі Мінска суразмоўца Еўрарадыё згадвае праект музея-скансэна (гісторыка-этнаграфічны комплекс) у Белавежскай пушчы. Там стаўка будзе зроблена на дэманстрацыю побыту ў розныя археалагічныя эпохі.

— Археалагічных музеяў у нас практычна няма. Таму асабліва цікавы музей, які адкрыўся сёлета на месцы першабытнай стаянкі ў Юравічах. Ён таксама створаны з прыцягненнем мультымедыйных тэхналогій.

Яшчэ адной кропкай на мапе, якую варта наведаць, калі яшчэ не бачылі, можна назваць адкрыты сёлета Дом-музей Напалеона Орды ў Варацэвічах.

 

Пандэмія дае шанец

То-бок нават у цяжкія для музеяў часы жыццё працягваецца. А ці захапіў гэты музейны вір жыцця беларусаў?

— Куды больш людзі баяліся хадзіць у музеі ў мінулым годзе. Год людзі пасядзелі дома, ім стала складана працягваць падтрымліваць такі лад жыцця. І хоць частка людзей па-ранейшаму лічыць наведванне публічных месцаў справай небяспечнай, музеі з гэтым спрабуюць спраўляцца.

Па-першае, пры захаванні належных стандартаў музей — гэта не самае небяспечнае месца, якое чалавек можа сустрэць на сваім шляху. Па-другое, многія былі пазбаўленыя магчымасці міжнародных паездак. І я бачу, што ажывіўся ўнутраны турызм.

Пандэмія дае шанец беларускім музеям прыцягнуць наведвальнікаў да сябе. Трэба толькі ўмець яго скарыстаць.

 

Мікіта Моніч: "Магчыма, будзе навальніца, але напярэдадні яе адбываюцца цікавыя рэчы"

Сёлета Мікіта Моніч на сваім ютуб-канале "Около культуры" вучыў нас разбірацца ў мастацтве і паказваў правільную дарогу — на выставу. Мы даведаліся, на якія выставы сёлета хадзіў сам Мікіта.
 

Людна ў Палацы мастацтва

Напярэдадні адкрыцця "Арт-Мінска" Мікіта Моніч пытаўся арганізатараў пра прагнозы. Арганізатары чакалі на выставах "тысяч дваццаць" наведвальнікаў. У выніку на выставачныя пляцоўкі прыйшло каля 28 тысяч чалавек.

Нечакана багаты год. Што адбывалася каля культуры ў Беларусі

— Ва ўмовах пандэміі, ва ўмовах адтоку аўдыторыі, якая спажывае культуру, з краіны мы ўсё ж бачым працэсы, якія вельмі хочацца вытлумачыць як пашырэнне цікавасці да культурных прадуктаў. Чаму? Праз тэрапеўтычны эфект мастацтва ці таму, што мы назіраем нацыянальнае адраджэнне? Не ведаю. Гэтая тэма яшчэ чакае свайго даследчыка.

Мікіта Моніч

Следам за "Арт-Мінск" у Палацы мастацтва прайшоў "Восеньскі салон". Мікіта заўважае, што хоць некаторыя мастакі ўжо фізічна не ў Мінску, але іх работы ўсё яшчэ выстаўляюцца.

— Следам прайшла яшчэ адна цікавая выстава "Канцэпт" — гэта трыенале сучаснага мастацтва. За што часцей за ўсё крытыкуюць "Восеньскі салон" і "Арт-Мінск"? За занадта класічны характар мастацтва. На трыенале "Канцэпт" было поўна незвычайных новых формаў, усё гэта было цікава і насычана.

Нечакана багаты год. Што адбывалася каля культуры ў Беларусі
Дыптых Алеся Багданава "Дыялог" на выставе "Канцэпт" / Еўрарадыё

Маляванкі і новы корпус Нацыянальнага мастацкага

Адкрыццё новага корпуса Нацыянальнага мастацкага — у топе музейных падзей года і ў Мікіты. Музею, зрэшты, усё яшчэ цесна ў сваіх сценах, кажа ён. Як і Аляксей Ластоўскі, Мікіта адзначае выставачны праект, прысвечаны стагадоваму юбілею Віленскага беларускага музея.

— Гэта спроба асэнсаваць сто гадоў музейнай справы ў нашай краіне. А праз гэтую прызму і сто гадоў гісторыі нашай краіны, бо Віленскі музей непарыўна звязаны з дзейнасцю стваральнікаў БНР. Выстава не ўражвала маштабам, але ўражвала сваім стрыманым духоўным зместам.

Зусім няшмат выходзячы за межы фармату "вынікі года", Мікіта анансуе: вось-вось Нацыянальны гістарычны музей адкрые падобную па тэматыцы выставу. Яна будзе прысвечаная стагоддзю беларускага музея на тэрыторыі не Заходняй, а Савецкай Беларусі. Глядзіце абедзве.

А яшчэ ў Беларусі вось-вось адкрыецца музей дываноў-маляванак. Пакуль чакаеце, паглядзіце выпуск "Около культуры" на гэтую тэму.

Ютуб-праект Мікіты Моніча

— Калі я рабіў выпуск пра дэкаратыўныя маляваныя дываны, я тэлефанаваў у Заслаўе з пытаннем: калі адкрыецца ваш музей маляванак? Адказу тады не было. А цяпер ужо ясна, што ў студзені ён, хутчэй за ўсё, ужо будзе адкрыты. Ёсць надзея, што побач з Мінскам з'явіцца яшчэ адно прыгожае і цікавае месца.

Ці паскорыў выпуск "Около культуры" адкрыццё музея? Мікіта так не думае і спасылаецца, хутчэй, на агульны фон чакання ў медыя. Амаль адначасова з яго шоу артыкул пра заслаўскія маляванкі выйшаў на Citydog. І гэта агульная цікавасць у медыя магла паслаць сігнал у Заслаўе — маўляў, пара.

— Радуе, што, нягледзячы на тое, што адбываецца вакол, у культуры, нават афіцыйнай, адбываецца шмат падзей. Так, паралельна прыходзяць спісы на звальненне. Да чаго гэта прывядзе, незразумела, таму што, калі звольніць усіх па спісах, у музеях не застанецца супрацоўнікаў.

І магчыма, нас чакаюць грозныя падзеі, але напярэдадні гэтай навальніцы адбываюцца важныя рэчы. Такі складаны, цікавы, застрашлівы час.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі