Новы пакет дапамогі ад ЗША і загінулыя спартсмены — 77-я раніца вайны

Украінскі вайсковец аглядае месца пасля абстрэлу расійскіх войскаў у горадзе Бахмут Данецкай вобласці​ / АР
Украінскі вайсковец аглядае месца пасля абстрэлу расійскіх войскаў у горадзе Бахмут Данецкай вобласці​ / АР

Расійскія войскі працягваюць наступ на ўсходзе Украіны, канстатуюць у Генштабе УСУ. У прыватнасці, на Данецкам кірунку расіяне вядуць баі за Рубежнае, у планах — захапіць гарада Ліман і Севераданецк.

Працягваецца супрацьстаянне ў Марыупалі. Расійскія вайскоўцы пры падтрымцы артылерыі і танкаў штурмуюць "Азоўсталь", наносяць ракетна-бомбавыя ўдары. У Генштабе УСУ таксама кажуць, што праціўнік працягвае "знішчаць грамадзянскую інфраструктуру Украіны ракетна-бомбавымі ўдарамі і артылерыйскімі абстрэламі", б'е па населеных пунктах і аб'ектах інфраструктуры. І гэтыя абстрэлы не дазваляюць правесці паўнавартасную эвакуацыю з зоны баявых дзеянняў грамадзянскіх і параненых.

У прыватнасці, учора ўвечары расіяне абстралялі абласную школу-інтэрнат у Горскім. Пра гэта распавёў кіраўнік Луганскай адміністрацыі Сяргей Гайдай. У гэтай школе вучыліся дзеці з асаблівымі патрэбамі. Гэта была ўстанова з сучасным рамонтам і новым абсталяваннем.

"Была  —" дзякуючы" расіянам. На шчасце, вучняў загадзя эвакуіравалі", — адзначыў Гайдай.

Усяго ж, па яго словах, на працягу 10 траўня расійскія вайскоўцы 15 разоў адкрывалі агонь па жылых кварталах і інфраструктуры вобласці. У выніку ў Севераданецку пашкоджаны магістральны газаправод (людзі засталіся без газу), а таксама будынак гасцініцы і шматпавярхоўка. Акрамя таго ва Урубаўцы пашкоджаныя шэсць жылых дамоў, а таксама дом культуры. У Рубежным – тры шматпавярхоўкі, у Лісічанску – дзве.

Новый пакет помощи от США и погибшие спортсмены — 77-е утро войны
Адзін з пашкоджаных жылых дамоў у Луганскай вобласці / @luhanskaVTSA

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны, ацэньваючы сітуацыю ва Украіне, згадвае і Беларусь.

"Міністэрства абароны Беларусі ўзмацніла свае ілжывыя заявы аб падрыхтоўцы ЗША і NATO да нападу на Беларусь, абвясціўшы аб пачатку другога этапу існых вайсковых вучэнняў 10 траўня. Аднак малаверагодна, што Беларусь далучыцца да вайны ва Украіне", — гаворыцца ў чарговай справаздачы інстытута.

У Кіеве таксама лічаць, што Беларусь наўрад ці далучыцца да актыўных баявых дзеянняў. На думку дарадцы офіса прэзідэнта Украіны Аляксея Арастовіча, турбавацца праз разгортванне Беларуссю войскаў на мяжы не варта. Гэта планавыя вучэнні, а прыкмет падрыхтоўкі наступу на ўкраінскую тэрыторыю няма, сказаў ён. Словы Арастовіча прыводзіць УНІАН.

Ва Украіну ўжо адправілі прынамсі 89 з 90 155-мм гаўбіц M777, якія ЗША паабяцалі краіне ў рамках апошніх пакетаў вайсковай дапамогі. Таксама перадалі амаль 120 тысяч боепрыпасаў для іх — гэта 65% з абяцанай колькасці. Пра гэта распавядае "Громадське".

Тым часам Палата прадстаўнікоў ЗША ўхваліла новы пакет дапамогі для Украіны амаль на 40 мільярдаў даляраў. Яго яшчэ павінен падтрымаць Сэнат і падпісаць прэзыдэнт Джо Байдэн. Мяркуецца, што гэтыя грошы пойдуць як на ваенную, так і на гуманітарную дапамогу. Пастанова была прынятая пасля таго, як у Белым доме заявілі, што цяперашніх грошай на пастаўкі зброі Украіне хопіць толькі да трэцяга тыдня траўня.

За час вайны ў Украіне загінулі па меншай меры 33 спартсмена: у баях, у выніку абстрэлаў або нават расстрэлаў. Пра гэта паведамляе "Громадське" са спасылкай на спартыўны камітэт Украіны. Камітэт запусціў сайт "Анёлы спорту" і публікуе там інфармацыю аб загінулых спартоўцах. Сярод загінуўшых, да прыкладу, ёсць 14-гадовая Аліна Перагудава. Яна займалася цяжкай атлетыкай. Летась выйграла нацыянальны чэмпіянат сярод дзяўчат, уваходзіла ў склад спартсменаў-кандыдатаў зборнай каманды Украіны. Дзяўчынка жыла ў Марыупалі, выйшла з мамай з дому, калі адбыўся выбух і іх накрылі абломкі.

Новый пакет помощи от США и погибшие спортсмены — 77-е утро войны
Аліна Перагудава / yangoly-sportu.teamukraine.com.ua

У Польшчы выставілі на аўкцыён тры маркі "Укрпошты" пра "рускі карабель...". Лоты каштоўныя тым, што маркі падпісалі мэр Кіева Віталь Клічко, кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба, а таксама Раман Грыбаў — вайсковец з выспы Змяіны, які "паслаў" карабель РФ. Цяпер маркі ацэньваюцца, распавядае "Громадське", у 26,1 тысячы злотых (каля $5, 9 тысяч), 10,3 тысячы злотых ($2,3 тысяч) і 15 тысяч злотых ($ 3,4 тысяч) адпаведна.

Новый пакет помощи от США и погибшие спортсмены — 77-е утро войны
Раман Грыбаў / allegro.pl

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі