Вы тут

Новае пакаленне. Таццяна Гацура-Яворская, якой за ўсіх баліць

Таццяна Гацура-Яворская / Еўрарадыё

Яны таленавітыя харызматыкі, яны ўжо мяняюць наша жыццё. Яны жывуць па сваіх правілах і ператвараюцца ў новых лідараў. Еўрарадыё і фатограф Таццяна Менская працягваюць Праект "Лад жыцця. Новае пакаленне". Сёння наша гераіня — Таццяна Гацура-Яворская — маці чацвярых дзяцей і арганізатарка культурных мерапрыемстваў.

У сакавіку 2021 года Таццяна стала адной з арганізатарак выставы "Машына дыхае, а я — не", прысвечанай беларускім медыкам і барацьбе з COVID-19. Ужо тыдзень выстава закрытая, а Гацура-Яворская — за кратамі. Таму сёння пра нашу гераіню расказваюць яе сябры і блізкія.

 

"Господин президент, у меня четверо детей, кто защитит их право жить?!"

Таццяна Гусева, журналістка

З Таняй Гацурай-Яворскай мы пазнаёміліся дзевяць гадоў таму праз Алеся Пушкіна. Яны землякі (абое з вёскі Бобр, калі не памыляюся). Сёння і Алесь, і Таня за кратамі.

У 2012-м цяжарная Таня з сынамі Кастусём і Альгердам выйшла да Адміністрацыі прэзідэнта, каб выступіць супраць прысуду Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву, якіх абвінавачвалі ў здзяйсненні тэракта ў мінскім метро і прысудзілі да смяротнага пакарання. Таня трымала расцяжку, на якой было напісана "Господин президент, у меня четверо детей, кто защитит их право жить?!".

Таню затрымалі ў дзень яе народзінаў і пакаралі штрафам за "несанкцыянаваную акцыю". У інтэрв'ю Таня сказала, што хацела ўласным прыкладам паказаць, што трэба ўчынкамі, а не словамі выказваць сваю незадаволенасць дзеяннямі ўладаў і недавер да іх.

І дзяцей сваіх Таня выхоўвала так, што галоўнай каштоўнасцю для іх была свабода. Яна спадзявалася, што, калі яны стануць дарослымі, змогуць адстаяць сваё права на свабоду. Цяпер Тані пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі за "фінансаванне пратэстаў".
 

"Расціла мяне і двух старэйшых братоў адна"

Дачка Рагнеда, 17 гадоў

Я лічу, што мая маці моцная. Яна заўсёды гне сваю лінію, заўсёды падтрымлівае. Расціла мяне і двух старэйшых братоў адна. Нягледзячы на тое, што ў яе вельмі шмат працы, яна заўсёды знаходзіць час на нас. Думаю, што ў яе сям’я на першым месцы. Калі надыходзяць нейкія святы, маці вельмі ўважліва да іх рыхтуецца. Пра затрыманне я даведалася ад брата. Спадзяюся, што матулю хутка адпусцяць.

"Маці была прынцыпова за тое, каб мы валодалі роднай мовай"

Сын Альгерд, 18 гадоў

Маці — сапраўдны арганізатар! Вельмі актыўная, у яе заўсёды шмат розных ідэй. Раней амаль кожнае лета яна ладзіла ўлазіны на лецішча. Запрашала музыкаў і, калі атрымлівалася, іншых дзеячаў культуры. Было цікава. Памятаю, як аднойчы да нас прыехаў Андрэй Хадановіч. Калі б я быў больш сталы, нармалёва з ім бы пазнаміўся. Цяпер разумею, што тыя імпрэзы пэўным чынам мяне фармавалі. Маці таксама гэта ўсё было цікава, таму, думаю, яна пасля і вырашыла займацца гэтым прафесійна: пачала арганізоўваць фестывалі. Я не ўспрымаю яе дзейнасць проста як працу, яна робіць тое, што ёй падабаецца. Для яе гэта важна. Гэта яе жыццё, гэта яна сама.

У нашай сям’і не заўсёды размаўляюць па-беларуску, але маці была прынцыпова за тое, каб мы валодалі роднай мовай. Вучыліся з самага дзяцінства.

"Вельмі клапатлівая"

Вольга Смалянка, праваабаронца

Заўсёды белай зайздрасцю зайздросціла яе энергіі. А яшчэ Таня часам бывае вельмі далікатная. І яшчэ вельмі клапатлівая. Прыклады апошняга часу: "Прывітанне, ты абедала? У мяне ёсць для цябе грыбны суп", "Я тут хлеб спякла, вязу табе". І нічога, што мы жывём на процілеглых канцах горада і быццам бы не блізкія сяброўкі. Адзінае маё пытанне было заўсёды: "Калі ты ўсё паспяваеш?!"

Танечка, усе думкі сёння пра цябе. Ты трымайся, а тое, што ты можаш даць жару і там, у гэтым я ну ніколькі не сумняваюся…

"Таня, даруй, што там ты, а не я"

Жанна Кромер, журналістка, каардынатарка феміністычнай ініцыятывы "Крапіва беларуская"

Вось гэту яе апошнюю выставу "Машына дыхае, а я — не" і прыкрылі. Гэта фраза — цытата напісанага пацыентамі, падключанымі да апарата ШВЛ. Такіх кранальных запісак шмат на гэтай выставе.

Было.

А яшчэ Таня шматдзетная мама, спартсменка, якая цісне штангу і бярэ вышыні ў экстрэмальных горных паходах. У яе мілы нос бульбачкай, незвычайны голас, запальны характар і сумныя вочы. Таня нікога не баіцца. Таня ўсё можа. І не таму, што жалезная, а таму, што сардэчная і ёй за ўсіх баліць.

Аднойчы мы здымаліся разам у перадачы пра пытанні фемінізму для Белсата. Я была феміністка, Таня — нефеміністка (калі я расказала, што значыць "антыфемініст", Таня адмовілася выступаць пад такім словам і назвалася проста "гуманісткай").

Мы доўга спрачаліся перад камерай, ці патрэбны фемінізм і наогул, што пра яго праўда, а што — клішэ і казкі-страшылкі. Кожны раз сыходзячыся на тым, што жанчыны ў нас цягнуць усё на сабе і нам трэба быць салідарнымі адна з адной. Гэта было за восем гадоў да жаночых маршаў у Беларусі.

Таня, даруй, што там ты, а не я. Даруй, што сіла майго гневу і любові не можа цябе адтуль выцягнуць. Даруй, што мае слёзы нічога не вартыя і я не ведаю, як дапамагчы.
 

"Велізарная ўнутраная сіла і непрабівальнасць"

Маргарыта Корбут, "Прававая ініцыятыва"

Што заўсёды захапляла ў Тані — велізарная ўнутраная сіла і непрабівальнасць для любых небяспек і пагроз. Ні хвіліны не сумняваюся, што яна справіцца і цяпер.

А тыя, хто гэта чыняць, адкажуць за кожны ператрус, кожную намаляваную справу і кожны прапагандысцкі сюжэт. У справядлівым судзе і па законе.

"Таня нам усім патрэбна"

Ксенія Галубовіч, фатограф

Таццяну падазраюць у "фінансаванні беспарадкаў" (да 3 гадоў).

Кінафестываль пра правы чалавека — беспарадак.

Выстава пра цяжкую працу дактароў у перыяд кавіду — беспарадак.

Дапамога людзям — беспарадак.

Сумленнасць — беспарадак.

Кожны, хто "нічога не заўважыў" за гэтыя месяцы, дапамагае сістэме зрабіць нормай тэрор і генацыд. Вы не абавязаны быць героямі, не абавязаны быць такімі моцнымі, каб у гэтых умовах рабіць штосьці грамадска важнае, дастаткова заўважаць злачынствы і не дапамагаць сістэме душыць людзей. Ва ўсіх ёсць сем'і, дзеці, сябры, праца. У Тані таксама дзеці! Таня нам усім патрэбна.

Будзьце сумленныя з самімі сабой. Гаварыць прыгожа лёгка, цяжка жыць так, як гаворыш.

Фотапраект Таццяны Менскай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.