Вы тут

Нізкія заробкі малочнікаў у Маладзечне патлумачылі "збоем у праграме"

Маладзечанскі малочны камбінат / mgazeta.by

Работнікі Маладзечанскага малочнага камбіната атрымалі нізкія заробкі за красавік у выніку збою ў праграме. Так кіраўніцтва прадпрыемства патлумачыла мясцовай "Маладзечанскай газеце".

Кіраўніцтва абяцае правесці пераразлік і вярнуць работнікам належныя грошы.

Як распавядала Еўрарадыё, 11 траўня на камбінаце адбыўся страйк. Работнікі сабраліся на прахадной, абурыўшыся нізкімі заробкамі і масавымі скарачэннямі. 

Відэа з забастоўшчыкамі з'явілася ў інтэрнэце. Да іх, як паведамлялася, прыехалі нейкія "людзі з Мінска", якія паабяцалі аднаразовую матэрыяльную дапамогу. Пасля гэтага страйк скончыўся.

Зніжэнне заробкаў адбылося пасля таго, як камбінат далучылі да Мінскага малочнага завода. Па словах работнікаў, заробкі ўпалі з 660-1000 рублёў да 300-400. 

Тым часам "Маладзечанская газета" піша, што на прадпрыемстве працуе 232 чалавекі і ніхто не быў скарочаны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.