Вы тут

"Ніякіх мер не было": студэнты юрфака прыйшлі да намдэкана з адвакатамі

Вось так

15 верасня каля юрфака БДУ прайшла студэнцкая акцыя пратэсту. Будучыя юрысты выйшлі з корпуса падчас вялікага перапынку, завязалі вочы і прастаялі 20 хвілін з вытрымкамі з заканадаўства і плакатамі, каб "прадэманстраваць парушэнні Канстытуцыі і іншых законаў".

Пасля флэшмобу адміністрацыя ўніверсітэта вырашыла выклікаць студэнтаў на дыван. Але потым перадумала.

— Нам патэлефанавалі ўвечары і выклікалі на дысцыплінарную камісію. У выніку аказалася, што гэта была камісія па азнаямленні з нарматыўнымі актамі, — расказвае Еўрарадыё адна са студэнтак юрфака. — Ніякіх мер у выніку да нас не было ўжыта. Я думаю, што яны не ставілі нам якіх-небудзь дысцыплінарных мер таму, што ўбачылі групу падтрымкі. Мы прыйшлі з групай падтрымкі.

Разам са студэнтамі да намесніка дэкана юрфака прыйшлі іх бацькі і адвакаты. Пасля размовы адміністрацыя ВНУ сказала студэнтам напісаць тлумачальныя, але юрфакаўцы адмовіліся: яны звярнулі ўвагу, што згодна з палажэннем аб дысцыплінарнай камісіі тая не мае паўнамоцтваў патрабаваць ад іх якіх-небудзь пісьмовых тлумачэнняў.

Плакат студэнтаў з юрфака БДУ / фота ўдзельнікаў акцыі

У прэс-службе БДУ Еўрарадыё пацвердзілі, што студэнтаў выклікалі ў сувязі з праведзенай імі акцыяй:

— Так, проста ў сацыяльных сетках з'явіліся фатаграфіі, на якіх былі студэнты і выкладчык, фатаграфіі былі падпісаныя юрыдычным факультэтам БДУ. Гаворка ідзе пра тое, што ў дадзеным выпадку гэта было неправамерна з іх боку — заяўляць сваю асабістую пазіцыю ад імя цэлага факультэта. Таму яны былі запрошаныя для таго, каб ім у чарговы раз растлумачыць нашы ўнутраныя лакальныя дакументы.

Гэта не першая акцыя на юрфаку БДУ. Студэнты і выкладчыкі пасля жнівеньскіх падзей рэгулярна выходзяць на мітынгі супраць гвалту і ў падтрымку палітычных зняволеных.

Студэнтка юрыдычнага факультэта БДУ / фота ўдзельнікаў акцыі

Дзяўчына, з якой размаўляла Еўрарадыё, пакуль не гатовая адказаць, ці будуць яшчэ падобныя акцыі.

— Мы будзем абмяркоўваць нашы далейшыя дзеянні. Але я думаю, што сядзець склаўшы рукі мы дакладна не будзем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.